Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Гародні пяты дзень працягваецца галадоўка каталікоў (Фота) 16:44, 05/12/2006
Пяты дзень у Гародні працягваецца галадоўка вернікаў рымска-каталіцкай суполкі Найсвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай, Маці Міласэрнасці. У цяперашні час у галадоўкі ўдзельнічаюць настаяцель парафіі ксёндз Аляксандр Шэмет і 16 ягоных парафіянак, якія дамагаюцца атрымання пісьмовага дазволу гарадзенскіх улад на ўзвядзенне новага будынка храма. Галадоўка праходзіць у будынку парафіяльнай капліцы.
Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 ксёндз Аляксандр Шэмет, удзельнікі галадоўкі – у асноўным састарэлыя жанчыны, таму стан іх здароўя нязменна выклікае асцярогу. Учора з галадоўкі змушаныя былі выйсці дзве парафіянкі, у іх падвысіўся ціск. Сёння сябе кепска адчула яшчэ адна жанчына, і ксёндз не выключыў, што ёй таксама прыйдзецца выйсці з галадоўкі.
Учора святар накіраваў ва ўпраўленне аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама зварот з просьбай забяспечыць медыцынскае назіранне за галадаючымі, аднак, па словах Аляксандра Шэмета, у аблвыканкаме адмовіліся задаволіць ягоную просьбу. Таму ксёндз Аляксандр мае намер у выпадку неабходнасці звяртацца на станцыю хуткай медыцынскай дапамогі.
Па словах Аляксандра Шэмета, сёння ў капліцу, дзе праходзіць галадоўка, прыйшоў кіраўнік Савета па справах рэлігій і нацыянальнасцяў гарвыканкама Ігар Папоў. Па словах службоўцы, ён прынёс дакументы, якія нібы дазваляюць каталікам пабудаваць храм. Аднак гэтыя дакументы адрасаваліся не настаяцелю парафіі Аляксандру Шэмету, а старшыні парафіяльнага камітэту – чалавеку свецкаму, які не мае ніякага дачынення да галадоўкі. Аляксандр Шэмет адмовіўся прымаць дакументы, якія яму не адрэсаваныя. Адзначым, што, па словах ксёндза, Ігар Папоў паводзіў сябе абуральна й груба, заявіў, што прынёс дакументы “гаспадару” царквы.
Нагадаем, што вернікі рымска-каталіцкай парафіі суполкі Найсвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай, Маці Міласэрнасці не могуць атрымаць дазволу на будаўніцтва касцёла вось ужо амаль 10 год. Яшчэ ў 1996 годзе Гарадзенская рымска-каталіцкая дыяцэзія выкупіла ўчастак зямлі плошчай у 0,27 гектара ў занёманскай частцы горада. Тут жа знаходзіцца цагляны будынак капліцы святых Пятра і Паўла, які быў пабудаваны ў другой палове XVII стагоддзя. Пасля рэстаўрацыі ў капліцы пачаліся набажэнствы, у якіх адначасова маглі ўдзельнічаць не больш за 20 парафіянаў. Пасля рэгістрацыі суполкі ў 1998 годзе, вернікі атрымалі дазвол на праектаванне касцёла, пазней скасаваны пад рознымі надуманымі чыннікамі. Парафія, у якую зараз уваходзіць больш за 8 тыс. вернікаў, побач узвяла драўляную капліцу, у якой можа размясціцца не больш за 300 вернікаў. Таму будаўніцтва новага вялікага храма з`яўляецца для вернікаў самай надзённай праблемай.
“Сёння ў Беларусі каталіцкая царква церпіць ганенні параўнальныя з ганеннямі, якія былі пасля рэвалюцыі 1917 года”, – заявіў ксёндз Аляксандр Шэмет.