Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рэжым баіцца санкцый і незалежнага назірання 12:24, 05/12/2006
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў заяўляе аб непрымальнасці выкарыстання санкцый у адносінах паміж дзяржавамі-удзельніцамі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ). Як паведамілі “Інтэрфаксу” у прэс-службе МЗС Беларусі ў аўторак, дадзеную заяву міністр зрабіў у Брусэлі (Бельгія), дзе адбываецца 14-е паседжанне Савета міністраў замежных спраў дзяржаў-удзельніц (СМЗС) АБСЕ.
“Мы павінны зыходзіць з прынцыпу салідарнасці і ўзаемадапамогі, а не канфрантацыі і ізаляцыі. Надыйшоў час змяніць саму філасофію супрацоўніцтва і дыялогу”, – адзначыў беларускі міністр, выступаючы на планавым паседжанні.
У сваёй прамове ён выказаў шкадаванне аб адсутнасці “бачных якасных” зменаў у палітычным дыялогу ў рамках АБСЕ, працягнулі ў МЗС.
Як падкрэслілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве, адмысловы акцэнт С.Мартынаў зрабіў на неабходнасць істотнай карэктыроўкі дзейнасці Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.
“Метадалогія назірання за выбарамі павінна быць празрыстай, зразумелай і зацверджанай дзяржавамі-удзельніцамі. Толькі тады ацэнкі выбараў будуць аб’ектыўнымі, а дзейнасць БДІПЧ будзе прыносіць рэальную карысць усім дзяржавам-удзельніцам”, – падкрэсліў Мартынаў.
Нагадаем, што БДІПЧ АБСЕ праводзіла незалежнае назіранне за ўсімі выбарамі, якія адбываліся ў апошнія гады ў Беларусі, і зрабіла выснову: выбары не з’яўляліся свабоднымі і справядлівымі, а, гэта значыць, іх вынікі маглі быць сфальсіфікаваныя.
Па інфармацыі беларускага МЗС, у рамках СМЗС адбыліся двухбаковыя сустрэчы С.Мартынава з сябрам Еўрапейскай камісіі па знешніх сувязях Бенітай Ферэра-Вальднер і Міністрам замежных спраў Фінляндыі Эркі Туоміоя, які прадстаўляе страшынства Еўрапейскага Звяза. Падчас дадзеных сустрэч абмяркоўваліся перспектывы ўзаемаадносінаў Беларусі і Еўразвяза.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі правёў гутаркі з Генеральным сакратаром АБСЕ Маркам Перэнам дэ Брышамба, а таксама кіраўнікамі дэлегацый шэрагу іншых дзяржаў.
Паседжанне СМЗ адкрылася 4 снежня і завершыць сваю працу 5 снежня прыняццем шэрагу выніковых дакументаў сустрэчы. У павестку дня паседжання ўключаныя пытанні падвышэння эфектыўнасці АБСЕ, а таксама процідзеяння новым выклікам і пагрозам, у прыватнасці, барацьбы з тэрарызмам, гандлем людзьмі і арганізаванай злачыннасцю. У працы СМЗС возьмуць удзел прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў 56 дзяржаў-удзельніц АБСЕ.