Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Газпром» пра перамовы па «Белтрансгазе»: «Мы па-ранейшаму не аптымістычныя» 17:05, 06/12/2006
“Газпром” вядзе перамовы з беларускім бокам аб пастаўках газу па цане каля 200 даляраў за тысячу кубаметраў. Аб гэтым у прамым эфіры радыёстанцыі “Эхо Москвы” паведаміў прэс-сакратар старшыні праўлення ААТ “Газпром” Сяргей Купрыянаў. Ён адзначыў, што “Газпром” гатовы ў гэтую цану ўключыць кошт акцый “Белтрансгаза”. Па словах С.Купрыянава, перамовы вядуцца, але іх паспяховасць ён ацэньвае невысока. “Мы па-ранейшаму не аптымістычныя”, – растлумачыў ён.
“Гаворка пра тое, што за конт акцый “Белтрансгаза” магчыма б было забяспечыць гэтыя плацяжы. Мы зараз абмяркоўваем, колькі каштуе гэтая кампанія. Цана павінна быць такой, каб мы забяспечылі такую ж прыбытковасць, як на экспарце газу на далёкае замежжа”, – паведаміў прадстаўнік “Газпрома”.
“Наша перамоўная пазіцыя складаецца з таго, што ва ўзаемаадносінах са ўсімі краінамі СНД трэба пераходзіць на рынкавыя прынцыпы ўзаемадзеяння”, – адзначыў С.Купрыянаў. Ён падкрэсліў, што ў краін блізкага замежжа ёсць перавага падчас заключэння пагадненняў – блізкасць іх тэрыторый да расейскіх радовішчаў, а ў шэрагу краінаў і адсутнасць мытных пошлін. “Гэта і ёсць праява адмысловых палітычных адносінаў з Беларуссю – адмена мытных пошлін, адпаведна, і цана атрымоўваецца ніжэйшая, а ў астатнім павінен быць досыць зразумелы і эканамічна абгрунтаваны ўзровень цэнаў”, – падагульніў ён.
Што датычна запазычанасцяў па пастаўках газу з боку краінаў СНД, то, па словах С.Купрыянава, “нягледзячы на тое, што цэны растуць, плацяжы ідуць спраўна. Ёсць праблемы са старымі даўгамі, напрыклад, у Малдовы вельмі вялікі доўг за старыя пастаўкі, але ў цэлым і Азербайджан, і Грузія, і краіны Балтыі плацяць рэгулярна”.