Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Гарадзенскія каталікі дамагліся дазволу на будаўніцтва храму і выходзяць з галадоўкі 14:35, 06/12/2006
6 снежня старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка ў лісце на імя біскупа Гарадзенскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі Аляксанра Кашкевіча даў дазвол на ўзвядзенне будынку новага касцёла рымска-каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай, Маці Міласэрнасці. Аб гэтым у інтэрв’ю БелаПАН паведаміў настаяцель суполкі ксёндз Аляксандр Шэмет. Ён мяркуе, што “іскра, якая загарэлася ў Менску падчас галадоўкі пратэсту ў абарону царквы “Новае жыццё” Аб’яднання суполак хрысціянаў поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь, дакацілася да Гародні і перамагла ў бітве з несправядлівасцю”. Па словах ксяндза Аляксандра, 16 удзельнікаў галадоўкі пачынаюць выхад з акцыі.
“Аднак гэта не канец барацьбы з прыгнётам хрысціянскіх цэркваў”, – сказаў святар.
У інтэрв’ю БелаПАН біскуп аб’яднання поўнаевангельскіх суполак, старэйшы пастар царквы “Новае жыццё” Вячаслаў Ганчарэнка, які знаходзіцца ў Гародні сярод удзельнікаў акцыі пратэсту, назваў тое, што адбываецца, “вялікай перамогай усіх хрысціянаў”. Па меркаванні В.Ганчарэнкі, у Беларусі цэрквы пачалі абуджацца ад сну і паднімацца з каленаў. “Да веруючых людзей прыйшла вера ў свае сілы, здольнасць заяўляць свае правы і адчынена змагацца за праўду. І гэта прыводзіць да перамогі", – падкрэсліў біскуп.
Галадоўка вернікаў каталіцкай суполкі ў Гародні – ксяндза і 16 жанчын ва ўзросце ад 39 да 79 гадоў – пачалася 1 снежня. Сваё рашэнне правадзіць галадоўку каталікі матывавалі тым, што дзесяты год суполка не магла атрымаць дазволу на ўзвядзенне храма па вуліцы Рэпіна, 2. Суполка колькасцю больш за 8 тыс. парафіянаў валодае невялікім цагляным будынкам капліцы святых Пятра і Паўла, а таксама драўлянай капліцай на 300 вернікаў, якія размешчаныя на зямельным участку плошчай у 0,27 гектара. Гэтыя будынкі даўно не месцяць усіх вернікаў, якія ўдзельнічаюць у набажэнствах. Для ўзвядзення будынка касцёла парафіі неабходны дадатковы ўчастак зямлі плошчай у 0,33 гектара.