Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Справа ў дачыненні Воўчака спыненая 13:51, 07/12/2006
Адміністрацыйная справа ў дачыненні праваабаронцы Алега Воўчака спыненая ў сувязі з заканчэннем тэрміна даўнасці. Такое рашэнне прыняў 7 снежня суддзя Кастрычніцкага раёна Менска Сяргей Герасімовіч. Справа ў дачыненні А.Воўчака была заведзеная па артыкуле 193-5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (невыконванне парадку ўжывання мераў эканамічнай палітыкі і іншых абмежаванняў падчас перавозу тавараў праз мяжу). Праваабаронцу пагражаў штраф ад 50 да 300 базавых велічынь.
Нагадаем, 2 верасня Воўчак выязджаў на канферэнцыю ў Нямеччыну. Падчас нагляду асабістага багажу ў яго былі канфіскаваныя экземпляры кнігі “Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2006 годзе. Факты. Каментары”. Мытныя органы заявілі, што “дадзеныя кнігі маглі прычыніць шкоду палітычным інтарэсам краіны”, і накіравалі матэрыялы ў суд Кастрычніцкага раёна сталіцы для прыцягнення праваабаронцы да адміністрацыйнай адказнасці.
Каментуючы БелаПАН рашэнне суду, А.Воўчак заявіў, што не здаволены такім заканчэннем справы. “Я збіраюся абскардзіць гэтае рашэнне ў вышэйшай інстанцыі, паколькі фактычна мяне прызналі вінаватым у здзяйсненні правапарушэння, а справу спынілі толькі за заканчэннем тэрміна. Я ж патрабую таго, каб справа была спыненая за адсутнасцю падзеі і складу правапарушэння”, – сказаў Воўчак.
Па яго словах, падобнае рашэнне суддзі можа стварыць прэцэдэнт: у кожнага, хто выязджае за мяжу могуць канфіскоўвацца любыя друкаваныя матэрыялы, якія, па меркаванні ўлад, наносяць шкоду палітычным інтарэсам Беларусі.
Трэба адзначыць, што 17 кастрычніка гэтага года А.Воўчак ужо быў завочна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за спробу правезці гэтую ж кнігу на канферэнцыю ў Галандыю. Яго прысудзілі да штрафу ў 50 базавых велічынь (1 млн. 550 тыс. беларускіх рублёў).