Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскія санкцыі ўдараць па Беларусі? 11:08, 07/12/2006
Учора Дзярждума ў першым чытанні прыняла законапраект “Аб спецыяльных эканамічных мерах ва ўмовах міжнароднай надзвычайнай сітуацыі”. Сутнасць: прэзідэнт надзяляецца правам прымаць рашэнні аб ужыванні эканамічных санкцый у дачыненні дзяржаў, якія ўяўляюць, па яго меркаванні, “пагрозу здароўю, правам і свабодам чалавека і грамадзяніна і бяспецы дзяржавы”. Расейскай. Пералік такіх мераў і тэрмін іх дзеяння ўсталёўвае ўрад.
Нягледзячы на багатую крытыку ў адрас законапраекта, у тым ліку ад МЗС, які наогул сумняваецца ў мэтазгоднасці яго прыняцця, у парламентараў “канцэптуальных заўваг” да дакумента не знайшлося, піша расейская “Газета”. Адзінае, што іх збянтэжыла – магчымыя наступствы рэалізацыі закона. Яны задумаліся – а што, калі санкцыі ўдараць зусім не па мэтавай дзяржаве, а, напрыклад, па Беларусі?
Як піша “Газета”, першым пра Беларусь нагадаў старшыня думскага камітэта па крэдытных арганізацыях і фінансавых рынках Уладзіслаў Рэзнік. Ён загаварыў аб ЗША, якія, кіруючыся ўласным заканадаўствам, увялі гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні Беларусі “за падрыў дэмакратычных інстытутаў”. Пасля чаго прыклад Беларусі ўсплываў і ў іншых выступах парламентараў.
“Мяне палохае вашая абмоўка. Чатыры разы згаданая Беларусь як магчымы суб’ект дзеяння гэтага заканадаўства. Гэта насцярожвае”, – занепакоіўся намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па маёмасці Анатоль Локаць. І дадаў: “Таму нам (КПРФ – “Газета”) цяжка вызначыцца ў станоўчых адносінах да гэтага закону”.
“А што будзе, калі прэзідэнт прыняў памылковае рашэнне, а калі браць у якасці прыкладу амерыканцаў – то проста дурацкае рашэнне?” – развіў тэму ягоны калега па фракцыі намеснік старшыні камітэта па працы і сацыяльнай палітыцы Віктар Цюлькін. Рэзнік у адказ паабяцаў дапрацаваць у другім чытанні законапраект, каб парламент “меў магчымасць разглядаць эфектыўнасць і даваць ацэнку мэтазгоднасці ўвядзення адпаведных мераў”. З адным удакладненнем – “пасля заканчэння іх дзеяння”.
У фракцыі ЛДПР сумненняў у мэтазгоднасці прыняцця законапраекта наогул няма. Яны абмежаваліся шэрагам заўваг. Дэпутат Уладзімір Аўсяннікаў заявіў, што фракцыя ЛДПР галасавала б “за” спецмеры “з больш лёгкім сэрцам і спакойнай душой”, калі б было прынятае рашэнне размясціць сродкі Стабілізацыйнага фонду “на нашай усёткі тэрыторыі, альбо хоць бы на еўрапейскай яе частцы”. “Інакш тут можа паўстаць праблема, калі з такой жа лёгкасцю нам змогуць заблакаваць усе нашыя эканамічныя выгоды за мяжой", – растлумачыў ён.
Адгаварыць дэпутатаў прымаць законапраект паспрабаваў незалежны дэпутат Валерый Зубаў. Па яго меркаванні, “моцныя не павінны бразгаць пагрозамі. Моцны і так ведае, што можа паступіць, як моцны”. “Прыняцце і нават абмеркаванне такога закона – гэта паказчык слабасці”, – заявіў ён. Аднак парламентары законапраект ухвалілі.