Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка: «Калі б Гарбачоў аддаў каманду, КДБ усіх бы арыштаваў» 10:05, 08/12/2006
Беларускае тэлебачанне ўчора транслявала інтэрв`ю Аляксандра Лукашэнкі расейскаму тэлеканалу НТВ. Гутарка была запісаная 11 верасня ў рамках праграмы, прымеркаванай да 15-годдзя спынення існавання СССР і стварэння СНД. Гэтым разам Лукашэнка заявіў, што старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч не меў права падпісваць Белавежскія пагадненні, і што, калі б у снежні 1991 года Міхаіл Гарбачоў патэлефанаваў у Менск, то беларускі КДБ арыштаваў бы Ельцына, Краўчука і Шушкевіча.
Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч не меў права падпісваць Белавежскія пагадненні, заявіў Лукашэнка. “Ельцын быў прэзідэнтам. Ён мог штосьці там падпісваць... А наш-та не меў права. Гэты дакумент павінен быў быць глыбока прааналізаваны і прапрацаваны… Калі б у Вярхоўным Савеце загадзя даведаліся пра гэта, то, хутчэй за ўсё, Шушкевіча да паездкі ў Белавежскую пушчу знялі бы з пасады”, – лічыць беларускі кіраўнік.
“Бо пісалі там усё на хаду, добра, што разумныя людзі былі там, – сказаў А.Лукашэнка. – Трэба аддаць належнае Шахраю, і Бурбулісу, ды і ў нас Краўчанка, міністр замежных спраў, не дурань быў. Яны пісалі гэта там на хаду, і яно відаць нават па дакументах, што яны так прыдумалі гэта. Але яны ведалі – расейская частка – якія дакументы трэба прыняць... Падмахнулі, выпілі, замачылі, патэлефанавалі каму трэба, даклалі, або паведамілі, што краіны такой няма і г.д., і паціху пачалі раз’яжджацца”.
Па меркаванні А.Лукашэнкі, калі б з Масквы быў “хоць адзін званок у Беларусь, нават не Гарбачова, калі б ён аддаў загад КДБ і па іхняй лініі пайшоў сігнал усіх арыштаваць”, гэта было б зроблена “на працягу некалькіх хвілін”. “У Беларусі органы ўлады былі дысцыплінаванымі і пэўна выконвалі каманды з цэнтра”, – адзначыў А.Лукашэнка.
“Беларусь была вельмі савецкай рэспублікай. Яна і зараз застаецца па сваёй сутнасці савецкай… Не толькі таму, што ў нас саветы захаваліся… Савецкая – гэта значыць інтэрнацыянальная рэспубліка, якая праводзіць адпаведную сацыяльную палітыку и г.д. Беларусь збіралася жыць у адзіным Савецкім Саюзе. У 91-м годзе, калі пачало ліхаманіць, такога не было крызісу ў эканоміцы. Былі элементы крызісу, якімі кіруюць… Усяго ў нас было досыць – не было толькі мэтанакіраванага, планава-жорсткага кіраўніцтва. Усё гэта было адпушчанае, і лёгка было стварыць па любым накірунку крызіс”, – лічыць А.Лукашэнка.
“Нічым не абмежаваная, неабдуманая сістэма ўлады, якую нічым нельга было стрымаць… Незбалансаваная, неўтаймаваная ўлада”, – такі, па меркаванні А.Лукашэнкі, асноўны чыннік распаду СССР.
“Добра, калі разважныя людзі ўзначальвалі краіну, бо былі такія перыяды, і ў нас атрымоўвалася развівацца як трэба і г.д., – адзначыў А.Лукашэнка. – Але калі ўсе паміралі пры пасадах і г.д. – гэта было ўжо дрэнна”.
“Хоць я прыхільнік таго, каб была магутная ўлада, але не ў такой дзяржаве. З Масквы так немагчыма кіраваць. Гэта не ў Беларусі, што я адсюль бачу, што робіцца ў Віцебску і Менску, выдатна бачу. Але ў Савецкім Саюзе ўладу трэба было мадэрнізаваць. Яна проста загнівала”, – мяркуе А.Лукашэнка.
Акрамя таго, па ягоным меркаванні, “неабмежаванае багацце” СССР “разбэшчвала ўсіх у краіне”. “Усё гэта перайшло ў Расею. Гэта можа загубіць Расею. Бо гэта галоўнае, а не тое, што ў нас чагосьці не хапала. У нас было ўсё”, – перакананы А.Лукашэнка.