|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Расея рыхтуецца ўвесці мытную пошліну на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь 11:44, 08/12/2006 Таму або тым невядомым службоўцам, якія з лістапада 1995 года, калі было падпісанае пагадненне аб Мытным саюзе Беларусі і Расеі, “забывалі” дзяліцца з Расеяй часткай экспартнай пошліны на нафтапрадукты і ўвялі сваю, ніжэйшую стаўку экспартнай пошліны, прыцягваючы расейскіх пастаўшчыкоў нафты, безумоўна, трэба было даваць узнагароды. Магчыма, нават “Героя Беларусі”, паколькі прыдуманая ім простая ў сваёй аснове крыніца напаўнення бюджэту (выключна за конт казны саюзнай Расеі) дазволіла Беларусі зарабіць за апошнія гады не адзін мільярд даляраў. Гэтыя грошы паспяхова былі пушчаныя ў пераўзбраенне беларускіх прадпрыемстваў, на набыццё дзяржавай акцый у іх акцыянераў, на льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля на розныя сацыяльныя праграмы, уключаючы павелічэнне заработнай платы. Але, нажаль, распрацоўнікамі і правадырамі гэтай схемы не было ўлічана, што калі-небудзь прыйдзе час і Расея з нас спытае. Прычым у выніку і спытала. Ды як спытала! Нездарма гавораць: расейцы павольна запрагаюць, але хутка ездзяць. Магчымае прыняцце пастановы аб увядзенні мытнай пошліны на сырую нафту ставіць крыж не толькі на галоўнай крыніцы грашовых рэсурсаў у беларускую казну, але і на вышэйзгаданай дамове аб стварэнні Мытнага саюза. У беларускім урадзе не маглі не ацаніць сур’ёзнасці і небяспекі гэтай прапановы расейскага боку. Нягледзячы на тое, што прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі не паехаў у Маскву (учора ён быў заняты бюджэтам на наступны год), у расейскую сталіцу была тэрмінова накіравана ўрадавая дэлегацыя, у якую ўвайшлі першы намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, міністр эканомікі Мікалай Зайчанка, ягоны намеснік Алег Мельнікаў, кіраўнік “Белтрансгаза” Зміцер Казакоў... Прысутнасць у дэлегацыі двух апошніх асоб гаворыць пра тое, што нафтавы аргумент урада Фрадкова аказаўся вельмі дзейсным і ў перамоўным працэсе па прыватызацыі “Белтрансгаза”. У лепшых дыпламатычных традыцыях Візантыі, якім з нядаўніх часоў пачало вучыцца цяперашняе маскоўскае кіраўніцтва, Фрадкоў загнаў беларускі бок у стан “цугцванга”, калі беларускі бок абавязаны зрабіць ход, загадзя ведаючы, што ён вядзе да паражэння. Сапраўды, з Усходу патрабуюць увазную пошліну на нафту або раздзяліць экспартную пошліну на нафтапрадукты, плаціць па еўрапейскіх цэнах за прыродны газ або аддаць палову газатранспартнай сістэмы, з Захаду – пагражаюць у самы блізкі час пазбавіць прэферэнцый у гандлі з ЕЗ. Сітуацыя горш не прыдумаеш. Беларускаму ўраду не пазайздросціш. І ягоныя прадстаўнікі не могуць нават нармальна выказаць свае контраргументы, калі такія ў дадзенай сітуацыі ў іх яшчэ ёсць. На Захад шмат каму з цяперашняга ўрада проста няма ходу па палітычных чынніках. На Ўсходзе іх ужо не жадаюць слухаць, як паказаў нядаўні візіт міністра эканомікі М.Зайчанкі ў Алма-Ату на чарговае мерапрыемства ў рамках ЕўрАзЭС. Некалькі дзён ён спрабаваў атрымаць аўдыенцыю ў міністра эканамічнага развіцця і гандлю Германа Грэфа, які прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве, каб растлумачыць сітуацыю з абмежаваннямі на пастаўку беларускіх тавараў у Расею. Грэф паблажліва аднёсся да яго толькі ў апошні дзень, на борце свайго самалёта, які ляцеў у Маскву. Але перамовы ў паветранай прасторы не могуць быць афіцыйнымі. Таму Зайчанку давялося, забыўшы ўсё, адмяніўшы прызначаныя ў сваім міністэрстве сустрэчы і г.д., ляцець з Грэфам у Маскву. Ляцець туды, каб ужо ў афіцыйным парадку на зямлі атрымаць адказ прыблізна наступнага зместу: ваша эканамічная мадэль нам не падабаецца, таму мы павінны паступаць вось такім чынам і не маем намеру ад абранага ў дачыненні Беларусі курсу адыходзіць… Інфармацыя па справе У аснову цяперашніх прэтэнзій расейскіх улад па нафце пакладзена нежаданне беларускага боку выконваць шэраг артыкулаў пагаднення аб Мытным саюзе Расеі і Беларусі, падпісанага ў лістападзе 1995 года. Так, паводле артыкула 1 (пункт 2, падпункт “а”) ад бакоў патрабуецца “усталяванне і ўжыванне ў адносінах з трэцімі краінамі аднолькавага гандлёвага рэжыму, агульных мытных тарыфаў і мераў нетарыфнага рэгулявання знешняга гандлю”. Гэта не выконваецца і найбольш праблематычна менавіта ў нафтавай галіне, дзе дзякуючы значна ніжэйшым экспартным пошлінам на вываз нафты і асабліва на экспарт нафтапрадуктаў Беларусь прыцягвае на свае заводы расейскіх “давальцаў” і зарабляе значныя сродкі. Паводое арт. 4 (пункт 3, падпункт “б”), кажучы простай мовай у дачыненні да адносінаў у нафтавай галіне, беларусы павінны былі дзяліцца экспартнымі пошлінамі, якія яны вось ужо 11 год атрымоўваюць падчас увозу нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца з расейскай нафты. Але яны не рабілі гэтага, забіраючы ўвесь аб’ём пошліны ў свой бюджэт. Расейцы сёлета запатрабавалі дзяльбы пошліны, і 85% – сабе, 15% – Беларусі. Але перамовы фактычна замарозіліся, што і прывяло да з`яўлення праекту пастановы аб увядзенні мытнай пошліны на сырую нафту на расейска-беларускай мяжы.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|