Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Дзень правоў чалавека ў Менску разагнаная акцыя салідарнасці з палітвязням Аляксандрам Казуліным 14:41, 10/12/2006
10 снежня, у гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, у Менску была разагнаная акцыя салідарнасці з палітвязнем Аляксандрам Казуліным, які ўжо 52 дні галадае ў віцебскай выпраўленчай калоніі. Больш за 50 чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менска з партрэтамі палітвязня, расцяжкамі, плакатамі і скандавалі “Свабоду Казуліну!”. Па дадзеных праваабаронцаў, былі затрыманыя меркавана 30 чалавек. Сярод іх – лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, ягоны намеснік Валянціна Палевікова, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Алесь Каліта. Як паведаміў па тэлефоне прэс-цэнтру Хартыі’97 Анатоль Лябедзька, супрацоўнікі АМАПа падчас разгону акцыі дзейнічалі вельмі груба: людзей білі дубінкамі па нагах. Затрыманых адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менска.
Некаторыя палітыкі і праваабаронцы былі затрыманыя напярэдадні акцыі. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў былы палітвязень Сяргей Скрабец. Па яго словах, “для высвятлення асобы” былі затрыманыя намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Кароль і праваабаронца Алена Танкачова.