Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірына Казуліна: «Кіраўніцтва калоніі нясе адказнасць за жыццё мужа» 12:56, 11/12/2006
Сёння Ірына Казуліна наведала выпраўленчую калонію №3 з надзеяй сустрэцца з мужам. Яна прывезла яму абнародаваныя за апошнія некалькі дзён заявы і звароты лідэраў апазіцыі да кіраўнікоў вядучых сусветных дзяржаў, да Рады па правах чалавека, Рады Бяспекі ААН, да прэм’ер-міністра Сідорскага, а таксама іншую інфармацыю. Аднак кіраўніцтва калоніі забараніла Ірыне Казулінай сустрэцца з палітвязнем. “Мяне гэта вельмі непакое. Па логіцы, яны павінны былі даць мне магчымасць сустрэцца з мужам. Я хвалююся, што яму можа стаць горш. Гэта, вядома, мае здагадкі, нічым не пацверджаныя, але я вельмі хвалююся. Кіраўніцтва калоніі нясе адказнасць за жыццё мужа”, – заявіла жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты ў інтэрв’ю Хартыі’97.
Дакументы, прызначаныя А.Казуліну, прынялі. Начальнік калоніі паведаміў, што стан здароўя галадаючага знаходзіцца “на ранейшым узроўні”. Таксама заявілі, што дапусцяць да Казуліна адваката толькі ў тым выпадку, калі атрымаюць заяву зняволенага аб спыненні галадоўкі.
Нагадаем, што Аляксандр Казулін галадае з 20 кастрычніка. Палітвязень патрабуе разгляду сітуацыі ў Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН. За 8 месяцаў зняволення і 53 дні галадоўкі Аляксандр Казулін страціў больш за 40 кілаграмаў. Сёння існуе сур`ёзная небяспека яго здароўю. Хуткая страта вагі пагражае сур`ёзнымі парушэннямі. На такой стадыі галадоўкі пачынаецца гіпаксія мозгу – галаданне, калі мозгу не хапае сілкавання, могуць адмовіць ныркі, пачацца перабоі з сэрцам.