Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірыну Казуліну не пусцілі ў турму да мужа 11:54, 11/12/2006, фота ByMedia.net
Адміністрацыя выпраўленчай калоніі “Віцьба-3” забараніла спатканне экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, палітвязня Аляксандра Казуліна з жонкай. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў былы палітвязень Сяргей Скрабец, які ездзіў сёння ў калонію разам з Ірынай Казулінай. Нагадаем, што Аляксандр Казулін галадае ў калоніі вось ужо 53 дні. Жонка збіралася перадаць яму дакументы, якія прынятыя ў сувязі з галадоўкай палітвязня і якія могуць яго ўпэўніць пачаць прымаць ежу. У прыватнасці, Ірына Казуліна хацела перадаць мужу заявы Еўрапейскага Звяза і спецдакладчыка па Беларусі ў ААН Адрыяна Севярына, зварот Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл у Раду Бяспекі ААН, зварот Аляксандра Мілінкевіча да кіраўнікоў “Вялікай васьмёркі”, зварот АДС да прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага.
Жонцы Казуліна адмовілі ў спатканні з мужам без тлумачэння чыннікаў. Не дазволілі ёй таксама паразмаўляць з мужам па тэлефоне. Адзінае, адміністрацыя калоніі прыняла дакументы ў Ірыны Казулінай і абяцала перадаць іх палітвязню. Спатканні з адвакатам Казуліну таксама забароненыя датуль, пакуль ён не спыніць галадоўку.
“Казуліна хочуць цалкам ізаляваць ад людзей. Ён сапраўды збіраўся сёння разглядзець пытанне аб выхадзе з галадоўкі, але гэта не значыць, што ён спыніць галадоўку...”, – заявіў Сяргей Скрабец.
Нагадаем, што Аляксандр Казулін галадае з 20 кастрычніка. Палітвязень патрабуе разгляду сітуацыі ў Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН. За 8 месяцаў зняволення і 53 дні галадоўкі Аляксандр Казулін страціў больш за 40 кілаграмаў. Сёння існуе сур`ёзная небяспека яго здароўю. Хуткая страта вагі пагражае сур`ёзнымі парушэннямі. На такой стадыі галадоўкі пачынаецца гіпаксія мозгу – галаданне, калі мозгу не хапае сілкавання, могуць адмовіць ныркі, пачацца перабоі з сэрцам.