Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Барэль расейскай нафты для Беларусі падаражэе на 30%-40% 16:41, 12/12/2006
Расея ўводзіць пошліну на экспарт нафты ў Беларусь. Такім чынам Расея адказала на нежаданне Менска дзяліцца прыбыткамі ад рээкспарту расейскай нафты. З 1 снежня экспартная пошліна на расейскую нафту ўсталяваная ў памеры 180 даляраў за тону, гэта значыць прыкладна адзін барэль расейскай нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь, падаражэе на 25 даляраў.
Як паведамляе “Інтэрфакс” са спасылкай на прэс-службу ўрада Расеі, 8 снежня прэм’ер-міністр Міхаіл Фрадкоў падпісаў пастанову, у адпаведнасці з якой пастаўкі нафты ў Беларусь будуць абкладацца вывазной пошлінай, як і для краінаў, якія не ўваходзяць у склад Мытнага саюза.
Як паведамляе NEWSru.com, сваё рашэнне расейскі бок тлумачыць тым, што Беларусь скасавала міжурадавае пагадненне, па якім 85% пошліны на экспарт, у прыватнасці, нафтапрадуктаў, якія выраблены у Беларусі з расейскай сыравіны, павінны быць залічаныя ў расейскі бюджэт, і толькі 15% – у бюджэт Беларусі.
Пытанне аб экспартных пошлінах на нафту і нафтапрадукты паднімаецца ўжо даўно. Па меркаванні расейскага боку, Менск фактычна прысвойвае сабе значную частку прыбыткаў ад рээкспарту расейскай нафты, якая паступае ў Беларусь без пошліны і прадаецца за мяжу па сусветных цэнах.
Такое адрозненне ў правілах, па словах міністра прамысловасці і энергетыкі Расеі Віктара Хрысценкі, ператварыла Беларусь у своеасаблівую падатковую гавань. “Як толькі адхіленне ад гэтага рэжыму пайшло, усе кампаніі распіхваючы адзін аднаго локцямі накіраваліся ў гэты афшор, каб пазбегнуць залішняга падаткаабкладання ў Расеі”, – сказаў Хрысценка на прэс-канферэнцыі ў аўторак.
Як заяўляў у пачатку лістапада расейскі амбасадар у Беларусі, Менску прапаноўвалі два варыянты ўрэгулявання пытання. Альбо захаваць экспарт у Еўропу, але пры гэтым усталяваць адзіныя экспартныя пошліны, якія бы падзяляліся ў суадносінах 85% – Расеі і 15% – Беларусі”. Альбо ўсе светлыя нафтапрадукты, якія вырабляюцца ў Беларусі за выключэннем унутранага спажывання, перадаць расейскаму боку.
Па ўсёй бачнасці, Менск не прымае абодва гэтых варыянты – рэакцыя Масквы рушыла ўслед неадкладна. Увядзенне пошлін азначае рэзкае падвышэнне цэнаў для Беларусі. З улікам усталяванай з 1 снежня экспартнай пошліны на нафту адзін барэль падаражэе на 25 даляраў – гэта значыць прыкладна на 30-40%.
Пошліны на экспарт нафты з РФ пераглядаецца ўрадам раз у два месяцы па формуле на падставе двухмесячнага маніторынгу цаны на расейскую нафту маркі Urals на сусветных рынках. З 1 снежня яна паніжаная на 56,9 даляраў – да ўзроўня ў 180,7 за тону.