Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандру Мілінкевічу ўручаюць прэмію Еўрапарламента 09:39, 12/12/2006
Сёння ў Страсбурзе на сесіі Еўрапарламента адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” лідэру дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандру Мілінкевічу. Па меркаванні дэпутатаў Еўрапарламента, прысуджэнне прэміі лідэру беларускай апазіцыі стала “рашучым сігналам” для Лукашэнкі аб тым, што Еўразвяз “не забыў аб сітуацыі ў Беларусі”. Цырымонія ўручэння прэміі пачнеца ў 13.00 па беларускім часе. Пасля ўручэння ўзнагароды Аляксандр Мілінкевіч выступіць з трыбуны Еўрапарламента.
Прэмія імя Сахарава “За свабоду думкі” заснаваная Еўрапарламентам у 1998 годзе і прысуджаецца штогод за “дасягненні ў справе абароны правоў чалавека і яго асноўных свабодаў, а таксама за павагу да міжнароднага заканадаўства і развіццё дэмакратыі”. Намінантаў высоўваюць дэпутацкія фракцыі Еўрапарламента або група дэпутатаў. Высоўванне кандыдатуры Мілінкевіча падтрымала буйнейшая фракцыя Еўрапарламента “Еўрапейская народная партыя – еўрапейскія дэмакраты”.
“Сёння амаль паўмільярда еўрапейцаў працягнулі Беларусі руку падтрымкі і партнёрства. Гэтая прэмія – узнагарода для тысячаў і тысячаў людзей, якія прадэманстравалі мужнасць і жаданне змагацца за сваю годнасць, за Беларусь. І гэта самая высокая ацэнка дэмакратычных сілаў Беларусі, якія змагаліся на працягу апошніх гадоў, якія змагаюцца сёння. Таму я лічу, што я не павінен браць гэтую прэмію сабе. І не збіраюся гэтага рабіць. Прэмія пайдзе на падтрымку рэпрэсаваных людзей, якія пацярпелі падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі”, – пракаментаваў Аляксандр Мілінкевіч рашэнне Еўрапарламента.