Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сяргей Скрабец не выключае, што Казуліна пачалі прымусова выводзіць з галадоўкі 09:43, 12/12/2006
Былы палітвязень Сяргей Скрабец не выключае, што Аляксандра Казуліна пачалі прымусова выводзіць з галадоўкі. Ён звяртае ўвагу на тое, што 11 снежня жонцы Казуліна не дазволілі не толькі ўбачыць мужа, але нават паразмаўляць з ім па тэлефоне. “Якія могуць быць праблемы, калі Казулін сапраўды напісаў заяву аб выхадзе з галадоўкі? – зазначыў Сяргей Скрабец у інтэрв’ю прэс-службе АГП. – Тады дайце тэрмінова хоць бы адну хвіліну, каб ён пацвердзіў па тэлефоне: “Так, Іра, усё добра, выходжу з галадоўкі”. Навошта ідзе нагнятанне? Каму наогул патрэбен гэты цырк?”
Сяргей Скрабец лічыць падазроным супадзенне па часе забароны на размову жонкі з Казуліным і на інфармацыю МУС, якая з`явілася 11 снежня, што Казулін спыніў галадоўку. Яшчэ днём да з`яўлення гэтага паведамлення, калі Ірына Казуліна вярнулася з калоніі, яна тэлефанавала кіраўніцтву “Віцьбы-3” даведацца, ці прыняў якое-небудзь рашэнне яе муж. Аднак ужо з 16 гадзін тэлефоны начальства маўчалі. Дзяжурны адказаў жонцы, што нічога не ведае. Пазней МУС заявіла, што Казулін выходзіць з галадоўкі.
Сяргей Скрабец адзначае таксама той факт, што кіраўніцтва калоніі паабяцала, калі Казулін спыніць галадоўку, паведаміць адвакату і даць дазвол на спатканне з экс-кандыдатам у прэзідэнты. “Адвакат нічога не ведае, – сказаў Сяргей Скрабец. – Калі Казуліна блакуюць, то адназначна, нешта адбываецца за “тоўстымі” сценамі калоніі, куды ніхто не можа патрапіць. Я думаю, магло быць пагаршэнне стану Казуліна, і яго пачалі прымусова выводзіць з галадоўкі”.
Сяргей Скрабец не выключае таксама, што Казуліна маглі павезці і ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь у Менск. “Чаму не даюць з ім ні сувязі, ні ўбачыцца? Трэба біць трывогу”, – лічыць былы вязень.
Звяртае на сябе ўвагу і тое, што 11 снежня ў калоніі Ірыну Казуліну прымаў начальнік “Віцьбы-3” Віталь Агністыкаў. Нагадаем, што ён сыйшоў на адпачынак пасля 30 дзён галадоўкі Казуліна. Праз 20 дзён ён вярнуўся на сваё працоўнае месца.