Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Мілінкевіч: Прэміяй Сахарава Еўропа бароніць і Казуліна 12:51, 13/12/2006
Пасля цэрэмоніі ўручэння прэміі Еўрапарламенту імя Андрэя Сахарава лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч адказаў на пытанні журналістаў сусветных СМІ.
Паводле Аляксандра Мілінкевіча, прэмія Сахарава з’яўляецца адпаведным сігналам для беларускіх уладаў:
- Я ведаю на 100%, што такая вялікая ўвага Еўрапарламенту да нашай барацьбы за свабоду мае вялікае значэнне, у тым ліку, і для ўлады. Паколькі пасля вось такіх уручэнняў прэмій, пасля абароны канкрэтных людзей улада дзейнічае больш асцярожна. Бо гэтай прэміяй бароняць не толькі Мілінкевіча, гэтай прэміяй бароніцца таксама і Казулін, які ў турме, іншыя вязні, студэнты, якіх выганяюць. Бо ўлада жадае мець сёння дачыненні з ЕС і не будзе з ім сварыцца па пустых прычынах.
На пытанне прэсы, якое значэнне ён, Аляксандр Мілінкевіч, надае маючым адбыцца ў ягонай краіне мясцовым выбарам, беларускі палітык адказаў:
- У Беларусі ўжо многія гады няма ніякіх выбараў. Проста ўлада прызначае сваіх дэпутатаў, якіх даўно абрала. Наш удзел у гэтых выбарах я ацэньваю як вельмі важны. Таму што паводле закону, дзякуючы кампаніі выбарчай, мы можам правесці шырокую кампанію ад дзвярэй да дзвярэй. Я гэта рабіў да таго, як сюды прыехаў – праехаў 23 гарады Беларусі, і пасля таго, як вярнуся са Страсбуру, ізноў паеду па краіне. Аднак, падкрэслю, што выбарамі дыктатуру змяніць нельга. Для гэтага існуюць маніфестацыі, мірныя, неагрэсіўныя, нерадыкальныя. І выбары – гэта таксама падрыхтоўка да падобных маніфэстацыяў, - перадае словы лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл радыё Свабода.
Аляксандр Мілінкевіч падтрымаў прапанову Еўракамісіі пазбавіць Беларусь гандлёвых прэферэнцый.
- Я шчыра скажу, што заўсёды супраць эканамічных санкцыяў. Я не лічу, што прынцып “чым горш, тым лепш”, спрацоўвае. Мы не хочам, каб былі санкцыі супраць простых людзей, бо яны будуць цярпець – улада сама сабе грошы знойдзе. Што да прэфэрэнцыяў, то я пакінуў бы тое рашэнне, якое прапануе Еўракамісія. Прэфэрэнцыі – гэта льготы, дадатковы стымул для развіцця. Існуюць правілы, каму даваць, а каму – не. Калі Беларусь парушыла, то яе трэба пазбаўляць ільготаў, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
У часе прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Мілінкевіч падзякаваў эўрапейскім журналістам са салідарнасць.