Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Магілёўскім манастыры выявілі парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 11:28, 13/12/2006
У магілёўскім Сьвята-Нікольскім манастыры нечакана знайшлі і перапахавалі парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Нядаўна, пры пахаваньні дзвюх сясьцёр, магільшчыкі знайшлі зь дзясятак чарапоў і чалавечыя косткі. У чарапах дакладна відаць дзіркі ад куляў і праломы. У 1930-я гады ў Мікалаеўскай царкве, якая зьяўляецца цэнтрам манастырскага комплексу, была вязьніца.
Як паведамляе “Радыё Рацыя”, рэшткі пакутнікаў перапахавалі разам з адноўленай труною сьвятара, які служыў у Мікалаеўскай царкве напрыканцы XIX стагодзьдзя. Пры перапахаваньні з касцей выпала савецкая капейка 1936 году. Па словах ігуменьні манастыру Яўгеніі, аднойчы да іх прыехаў старэча, які захацеў на схіле гадоў пакланіцца месцу сваіх пакутаў. Ён і расказаў, што ў храме ў гады рэпрэсіяў была вязьніца — нябожчыкаў хавалі наўпрост на тэрыторыі кляштару каля царкоўных сьценаў і, нават, у алтарнай частцы.
Калі ў часе перабудовы манастыр вярнулі вернікам ды пачалася праца па ўмацаваньні падмурку царквы, каля ягоных сьценаў за першым разам знайшлі чарапы больш за сотні чалавек. Тагачасныя ўлады параілі праваслаўнай эпархіі бязь лішняга шуму перапахаваць рэшткі. У кляштары ёсьць сёньня капліца памяці гэтых людзей. Манашкі лічаць іх пакутнікамі і моляцца за супакой іх душаў.