Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея наносіць удар па бюджэту Беларусі 09:41, 13/12/2006
Перамовы аб інтэграцыі Расеі і Беларусі зноў зайшлі ў тупік. З парадку паседжання Вышэйшага дзяржсавета “саюзнай дзяржавы” выключаныя пытанні аб адзінай валюце і канстытуцыйным акце. А Расея абвясціла аб увядзенні ў 2007 г. пошліны на экспарт нафты ў Беларусь, піша расейская газета “Ведомости”.
Па пагадненні аб Мытным саюзе 1995 г. нафта пастаўляецца ў Беларусь без выплаты экспартных пошлін. У 2005 г. Беларусь імпартавала 19,3 млн т расейскай нафты на суму $4,2 млрд, пры гэтым экспартавала 13,5 млн т нафтапрадуктаў на суму $4,9 млрд. Бакі доўгі час вядуць перамовы аб падзеле прыбыткаў ад экспарту нафтапрадуктаў, а ў кастрычніку Уладзімір Пуцін прыстрашыў абмежаваць пастаўкі нафты ў Беларусь, калі пагадненне па гэтым пытанні не будзе дасягнутае.
На паседжанні Вышэйшага дзяржсавета “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі ў пятніцу, дзе возьмуць удзел лідэры Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, не будуць разглядацца пытанні ўвядзення адзінай валюты і прыняцце канстытуцыйнага акта “саюзнай дзяржавы”, заявіў учора “Інтэрфаксу” намеснік кіраўніка прадстаўніцтва сталага камітэта “саюзнай дзяржавы” у Менску Анатоль Камісарчук. У кіраўніцтве абедзвюх краін пакуль няма адзінага меркавання пра тое, якімі павінны быць кіруючыя органы “саюзнай дзяржавы”, а таму рашэнне гэтых пытанняў адкладаецца, дадаў спікер Дзярждумы Барыс Грызлоў. Крыніца ў Крамлю адмовілася растлумачыць, па ініцыятыве якога з бакоў гэтыя пытанні былі выключаныя з парадку дня, спаслаўшыся на тое, што яны былі “дрэнна прапрацаваныя”.
Вышэйшая крыніца ва ўрадзе нагадвае, што Лукашэнка традыцыйна супрацівіцца абмеркаванню пэўных параметраў “саюзнай дзяржавы”, разумеючы, што раўназначнай свайму цяперашняму пасту пасады ў выніку аб’яднання не атрымае. Але старшыня камітэта па знешняй палітыцы “савета рэспублікі” Беларусі Мікалай Чаргінец мяркуе, што абмеркаванне пытанняў аб адзінай валюце і канстытуцыйным акце адклалі праз эканамічныя супярэчнасці, што абвастрыліся. У якасці прыклада, ён кажа аб адсутнасці дамоўленасцяў па экспартных пошлінах на нафту.
Учора прэс-служба ўрада Расеі паведаміла аб увядзенні з 1 студзеня 2007 г. пошліны на пастаўку нафты ў Беларусь у памеры $180,7 за 1 т, такой жа, як і пры экспарце ў іншыя краіны.
Па меркаванні Чаргінца, рашэнне расейскага ўрада стане ўдарам па эканоміцы Беларусі больш сур`ёзным за абвешчанае раней “Газпромам” падвышэнне цэнаў на газ у 2007 г. да $200 за 1000 куб. м. Беларусь недалічыцца ў 2007 г. $3-3,5 млрд, або каля 8% ВУП, лічыць кіраўнік менскага Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук. У выніку беларускім уладам ужо ў I квартале прыйдзецца перагледзець бюджэт у бок узмацнення жорсткасці і паўстане рэальная пагроза дэвальвацыі беларускага рубля, лічыць Раманчук. Магчымая мэта – прымусіць Менск хутчэй дамовіцца з “Газпромам” аб лёсе “Белтрансгаза”, гаворыць Валерый Несцераў з “Тройкі Дыялог”. “Зараз ключавое пытанне – “Белтрансгаз”, пасля можна размаўляць аб валюце. Калі будзе ўсё зразумела з гэтымі пытаннямі, праблемы з прыняццем канстытуцыйнага акту вырашацца хутка”, – мяркуе палітолаг Кастусь Сіманаў.