Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хусейна хочуць павесіць адразу пасля апеляцыйнага суду 11:29, 13/12/2006
Былога іракскага лідэра Саддама Хусейна і двух ягоных самых блізкіх паплечнікаў, якія былі прысуджаныя ў пачатку лістапада гэтага года да павешання за злачынствы супраць чалавечнасці, пакараюць смерцю адразу пасля апеляцыйнага суду, паведамляе Newsru.com са спасылкай на егіпецкую газету Al-Ahram.
Адразу пасля смяротнай кары іракскага дыктатара пахаваюць без якіх-небудзь ушанаванняў таемна ў безымённай магіле. Пры гэтым не выключана, што пазней іракскія ўлады могуць даць згоду на эксгумацыю цела Хусейна для яго перадачы сваякам. Прадстаўнікі іракскіх уладаў, у сваю чаргу, выказваюцца за прывядзенне смяротнага прысуду ў выкананне ў самы блізкі час. Так, прэм’ер-міністр Ірака Нуры аль-Малікі неаднаразова заяўляў, што смяротная кара звергнутага прэзідэнта краіны павінна адбыцца да канца гэтага года.
Нагадаем, што Саддам Хусейн, ягоны зводны брат і былы кіраўнік іракскай разведкі Барзан ат-Цікрыці, а таксама былы суддзя Аввад аль-Бандар 5 лістапада былі прысуджаныя судом да павешання па справе аб масавым забойстве жыхароў шыіцкай вёскі Ад-Дуджэйль у 1982 годзе. Сам 69-гадовы Хусейн, прадчуваючы падобны зыход, заяўляў раней, што нават аддае перавагу таму, каб быць расстраляным, чым далей знаходзіцца ў руках цяперашняга суду.
Пасля вынясення прысуду абарона Саддама Хусейна падала апеляцыю на рашэнне суду. Як заявіў адзін з адвакатаў Хусейна Халіль ад-Дулеймі, “мой вопыт кажа пра тое, што надзеі на поспех апеляцыі мала, паколькі суд вельмі палітызаваны, тым не менш мы яе падаем”.
Пазней прадстаўнік апеляцыйнай палаты Раід Джухі выступіў з заявай, што яна абавязаная разгледзець пратэст адвакатаў на працягу 10 дзён. Рашэнне палаты будзе перададзена ў камітэт па апеляцыях, які выслухае доказы як абвінавачвання, так і абароны. Гэты камітэт будзе разглядаць пытанне на працягу 20 дзён, пасля чаго вынясе свой вердыкт. Дата канчатковага рашэння камітэта па апеляцыях невядомая, аднак калі ён пацвердзіць прысуд Вышэйшага крымінальнага трыбунала, то гэтае рашэнне будзе лічыцца канчатковым і Саддам Хусейн будзе пакараны на працягу 30 дзён.
7 лістапада галоўны абвінаваўца на працэсе супраць былога дыктатара Джаафар Муссаві паведаміў прэсе, што апеляцыйны суд Ірака вынясе канчатковае рашэнне па смяротным прысудзе былому прэзідэнту Саддаму Хусейну ў сярэдзіне студзеня 2007 года. Па ягоных падліках, для правядзення ўсіх неабходных працэдур, звязаных з падачай апеляцыі камандай абароны, спатрэбіцца прыкладна два месяцы.