Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сёння будзе разгледжанае пытанне аб датэрміновым вызваленні Цімафея Дранчука 09:32, 14/12/2006
Пытанне аб умоўна-датэрміновым вызваленні актывіста кампаніі па назіранні за выбарамі “Партнёрства” Цімафея Дранчука будзе разгледжанае сёння нагляднай камісіяй пры Фрунзенскім райвыканкаме Менска. Як паведаміў бацька палітвязня Валерый Дранчук, гэтую інфармацыю яму пацвердзілі ў розных інстанцыях, у тым ліку і ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС.
Нагадаем, што Ц.Дранчук і яшчэ тры актывісты “Партнёрства” былі затрыманыя 21 лютага. У жніўні суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў іх вінаватымі па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання). Шэраг абвінавачванняў у адрас актывістаў “Партнёрства”, якія былі агучаныя высокімі службовымі асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў (фальсіфікацыя вынікаў экзіт-полу, падрыхтоўка тэрактаў і інш.), не знайшлі пацверджання ні падчас следстваў, ні ў судзе. У выніку Мікалай Астрэйка быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі, Цімафей Дранчук – да аднаго года пазбаўлення волі, Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка да шасці месяцаў арышту. Браніцкая і Шалайка выйшлі на волю 21 жніўня. 17 лістапада з калоніі ў Шклове быў вызвалены Мікалай Астрэйка, якому змянілі пакаранне на выпраўленчыя працы. Такім чынам, Ц.Дранчук застаўся адзіным, хто дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні.
Варта таксама адзначыць, што Дранчук быў уключаны ў спіс прэтэндэнтаў на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, які разглядаўся камісіяй 30 лістапада, аднак у апошні момант яго выключылі са спісу.
Валерый Дранчук нагадаў, што Цімафей ні разу не бачыў свайго сына, які нарадзіўся неўзабаве пасля яго арышту. “Пытанні гуманізму – вось на што я раблю акцэнт, звяртаючыся ў розныя інстанцыі з нагоды датэрміновага вызвалення Цімафея. Бацька восем месяцаў не бачыў сына, а сын не ведае жывога бацьку “, – падкрэсліў В.Дранчук.