Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскі МЗС працягвае нервавацца з-за ўзняцця беларускага пытання ў Радзе Бяспекі ААН 09:46, 14/12/2006
МЗС РФ ставіцца да спробы прадстаўніка ЗША узняць на паседжанні Рады Бяспекі ААН пытанне аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі як да спробы ператварыць гэты орган ААН у пляцоўку для абмеркавання тэм, прадыктаваных нутрапалітычнымі меркаваннямі ЗША. “Зыходзім з таго, што Рада павінна разглядаць толькі тыя пытанні, якія аднесеныя да яе кампетэнцыі Статутам ААН і ўяўляюць пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы”, – гаворыцца ў каментары МЗС РФ, размешчаным у сераду ўвечар на сайце ведамства.
“У Маскве занепакоеныя тым, як амерыканская дэлегацыя пайшла на парушэнне наяўных працэдур у Радзе Бяспекі ААН. Для разгляду пытанняў шанавання правоў чалавека ў той або іншай краіне ў сістэме ААН існуюць іншыя механізмы, у прыватнасці, створаная сёлета Рада па правах чалавека”, – адзначаюць у МЗС РФ.
“Падчас абмеркавання парадку паседжання Рады Бяспекі 12 снежня амерыканскі прадстаўнік заявіў аб сваім намеры ўзняць у пункце “рознае” пытанне аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Нягледзячы на нязгоду прадстаўніка Расеі (што па практыцы, якая склалася ў Радзе, павінна было разглядацца як незацверджанне дадзенага пункта), амерыканец усё ж агучыў падрыхтаваную заяву па беларускай тэме”, – гаворыцца ў дакуменце.
“Мы ў сваю чаргу катэгарычна адвялі гэты амерыканскі заход, як той, які не мае ніякага дачынення да парадку дня Рады Бяспекі і характару яго дзейнасці”, – падкрэсліваюць у МЗС РФ.
“У сувязі з гэтым мы прыцягнулі ўвагу да згаданай ненармальнай сітуацыі амбасадара ЗША у Маскве Уільяма Бернса і выказалі надзею, што дэлегацыя ЗША у будучыні ўстрымаецца ад выкарыстання падобных метадаў у сваёй працы ў Радзе Бяспекі ААН”, – адзначаюць у МЗС РФ.
12 снежня, падчас закрытых кансультацый у Радзе Бяспекі ААН па сітуацыі ў афрыканскай дзяржаве Кот-д’Івуар і ў Ліване амерыканскі амбасадар у ААН Уільям Брэнчык нечакана ўзняў пытанне аб сітуацыі ў Беларусі. Амерыканскі дыпламат прыцягнуў увагу да галадоўкі пратэсту, якая праводзілася ў турме экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, палітвязням Аляксандрам Казуліным і заклікаў ААН звярнуць увагу на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.
У адказ прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін адмовіўся абмяркоўваць незапланаванае пытанне і пакінуў залу паседжанняў.
Нагадаем, што Аляксандр Казулін 53 дні трымаў галадоўку ў выпраўленчай калоніі “Віцьба-3”, патрабуючы разгледзець у Радзе Бяспекі ААН праблему парушэння правоў чалавека ў Беларусі. За час зняволення і галадоўкі Казулін схуднеў на 41 кілаграм, стан ягонага здароўя значна пагоршыўся.