|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Спыненыя перамовы аб уступе Турэччыны ў ЕЗ 10:47, 15/12/2006 Прыпыніць перамовы, якія вядуцца з кастрычніка мінулага года, Еўракамісія рэкамендавала Радзе міністраў ЕЗ па васьмі з 35 тэхнічных пунктах. Усе яны звязаныя з выкананнем Анкарой абавязальніцтваў па Кіпры і датычацца свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў, рыбалоўства, сельскай гаспадаркі, транспарта, мытні і гандлю, паведамляе “Бі-бі-сі”. У пачатку лістапада Еўракамісія дала Турэччыне месяц – да саміта ЕЗ – на выкананне абавязальніцтваў па адкрыцці Кіпру сваіх паветраных і марскіх партоў. Гэтага патрабавання Анкара так і не выканала, а ў ЕЗ, у сваю чаргу, адмовіліся прыняць кампрамісную прапанову Турэччыны адкрыць Кіпру адзін аэрапорт і адзін марскі порт толькі ў выпадку здымання міжнароднай ізаляцыі з аэрапорта Эрджан і марскога порта Мараш на тэрыторыі непрызнанай міжнароднай супольнасцю Турэцкай Рэспублікі Паўночнага Кіпра. Турэцкія ўлады раней неаднаразова заяўлялі, што адкрыюць Кіпру свае марскія і паветраныя парты толькі пасля міжнароднага прызнання Паўночнага Кіпра. Раней галоўнакамандуючы сухапутных войскаў Турэччыны генерал Ількер Башбуг абвясціў, што турэцкая армія спыніла кантакты з Францыяй. Гэтае рашэнне вайсковага ведамства стала адказам на прыняцце ў кастрычніку Нацыянальным сходам Францыі ў першым чытанні законапраекта аб крымінальным пераследзе за непрызнанне генацыду армянскага народа. Генерал Башбуг выступіў на прэс-канферэнцыі і паведаміў, што скасаваныя вайсковыя візіты паміж Турэччынай і Францыяй на высокім узроўні. Адразу пасля прыняцця гэтых рашэнняў афіцыйная Анкара прыстрашыла Парыж эканамічнымі і палітычнымі санкцыямі. Прэзідэнт Францыі Жак Шырак лічыць, што прыняцце ў 2000 годзе ў Францыі закона аб прызнанні падзей 1915-1917 гадоў у Асманскай імперыі як генацыду армянскага народа стала дастатковым для высвятлення гістарычнай ісціны. Дыскусія вакол турэмнага пакарання за адмаўленне гэтага генацыду, якую ініцыявалі апазіцыйныя сацыялісты, па словах Шырака, “тлумачыцца хутчэй рыторыкай, чым юрыдычным бокам справы”. У той жа час французскі прэзідэнт застаўся пры сваім меркаванні, што прызнанне Турэччынай факту генацыду павінна быць адным з умоў яе ўступа ў Еўрапейскі Звяз. Прыняцце законапраекта Нацыянальным сходам выклікала рэзкае абвастрэнне адносінаў паміж Францыяй і Турэччынай. Еўразвяз выказаў шкадаванне ў сувязі з рашэннем французскіх парламентараў, назваўшы яго “контрпрадуктыўным крокам”. Турэччына традыцыйна не прызнае абвінавачванні ў масавым знішчэнні каля паўтары мільёнаў армян у гады Першай сусветнай вайны і вельмі балюча рэагуе на крытыку з боку Захаду, прысвечаную пытанню генацыду.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|