Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«КоммерсантЪ»: У Менска можа не застацца суверэнітэту 09:24, 18/12/2006
Правал перамоваў прэзідэнтаў Расеі і Бларусі, падчас якіх у Аляксандра Лукашэнкі не атрымалася дамовіцца ні аб паніжэнні цэнаў на газ, ні аб захаванні прыбыткаў ад нафтаперапрацоўкі, у Беларусі быў успрыняты сур’ёзна. Лукашэнка адмовіўся ад традыцыйных рэзкіх каментараў у адрас Расеі, а апазіцыя заявіла пра тое, што адбываецца, як пра “аншлюс” краіны Расеяй, які рыхтуецца. На тое, каб згадзіцца з патрабаваннямі Расеі, у Менска засталося 13 дзён, піша сёння расейская газета “КоммерсантЪ”.
Нагадаем, галоўнымі тэмамі перамоваў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве, якія былі прымеркаваныя да паседжання вышэйшага дзяржаўнага савета “саюзнай дзяржавы” Расеі і Беларусі, павінны былі стаць тры канфлікты: увядзенне Расеяй пошлін пры экспарце ў Беларусь нафты на перапрацоўку, цана на пастаўкі газу ў краіну “Газпромам” з 1 студзеня і стварэнне расейска-беларускага СП па дыстрыбуцыі газу на аснове АТ “Белтрансгаз”. Аднак дзяржсавет толькі зацвердзіў бюджэт “саюзнай дзяржавы” на 2007 год (расходная частка – $144 млн), а трохгадзінныя перамовы прэзідэнтаў Пуціна і Лукашэнкі скончыліся толькі тым, што кіраўнік Беларусі пакінуў Маскву, скараціўшы вялікую частку праграмы знаходжання ў Расеі.
Афіцыйна вынікі перамоваў не абвешчаныя (бакі толькі кажуць аб даручэннях урадам двух краінаў), неафіцыйна ў адміністрацыі прэзідэнта РФ пацвярджаюць, што кампрамісу ні па адным з пытанняў не дасягнута. Што гэтым разам у Менску ўспрынялі правал перамоваў надзвычай сур`ёзна, паказвае тое, што Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы не стаў выступаць з рэзкімі каментарамі з нагоды таго, што адбываецца, – звычайна гэта адбываецца зараз жа на беларускім дзяржаўным тэлебачанні. Але беларускія дзяржаўныя СМІ у суботу і нядзелю наогул не асвятлялі канфліктныя тэмы, абмежаваўшыся толькі абвінавачваннямі ў адрас расейскіх улад у зрыве дасягнутых на мінулых паседжаннях дзяржсавета РФ і Беларусі дамоўленасцяў па сацыяльнай тэматыцы і захоплена ацэньваючы прыняцце бюджэту “саюзнай дзяржавы”.
Як ужо пісаў Ъ, рашэнне аб увядзенні пошлін пазбаўляе Беларусь да $1,7-2 млрд прыбыткаў ад экспарту нафтапрадуктаў у выпадку скарачэння паставак. Падвышэнне цэнаў “Газпромам” з $49 да $200 за тыс. кубаметраў газу выкліча рэзкі рост тарыфаў у энергетыцы, ЖКГ і камунальнай гаспадарцы краіны або банкруцтва значнай часткі кампаній. Нарэшце, па-за залежнасцю ад цаны, за якую “Газпром” атрымае кантроль над “Белтрансгазам” (Беларусь, якая абапіраецца на ацэнку, праведзеную банкам ABN Amro, гаворыць пра тое, што АТ каштуе каля $4-5 млрд, ацэнкі з боку экспертаў “Газпрома” меншыя на парадак), страта Менскам кантролю над АТ будзе азначаць і значнае памяншэнне ўплыву адміністрацыі прэзідэнта Беларусі на мясцовую эканоміку.
Ва ўрадзе Расеі неафіцыйна кажуць, што пастанова аб адмене льгот на ўвоз нафты ў Беларусь не будзе перагледжвацца – такім чынам рэнтабельнасць нафтаперапрацоўкі ў Беларусі рэзка скароціцца ўжо ў студзені. У “Газпроме”, у сваю чаргу, не гатовыя зніжаць цану паставак газу ніжэй $200 за тыс. кубаметраў. У выпадку, калі кантракт па газе не будзе падпісаны, у студзені, хутчэй за ўсё, паўторыцца сітуацыя 2003 года, калі “Газпром” скараціў ціск у трубаправодах, якія транспартуюць газ у ЕЗ праз Беларусь.
Якім чынам Аляксандр Лукашэнка зможа пазбегнуць эканамічнага спаду зімой, невядома. Расея пакуль не прад`явіла ніякіх афіцыйных патрабаванняў да кіраўніка Беларусі: і пошліны, і новую цану на газ Расея мяркуе ўводзіць безумоўна. Лідэр беларускіх Аб`яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч, зрэшты, упэўнены, што ад Беларусі Расея патрабуе прыняцця Канстытуцыйнага акту і ўвядзення расейскага рубля ў якасці адзінага аплатнага сродку на тэрыторыі Беларусі. Ён назваў гэтыя патрабаванні “крокамі да аншлюсу”, растлумачыўшы: “Прадаецца суверэнітэт Беларусі ў абмен на захаванне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.