Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗША узмацняць падтрымку няўрадавых і праваабарончых арганізацый 14:02, 18/12/2006
14 снежня дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амерыкі Кандаліза Райс абвясціла аб новых ініцыятывах ЗША у падтрымку няўрадавых і іншых арганізацый, якія абараняюць правы чалавека па ўсім свеце, паведаміла 15 снежня Бюро міжнародных інфармацыйных праграм Дзяржаўнага дэпартамента ЗША.
Аб новых ініцыятывах было абвешчана ў азнаменаванне рашэння прэзідэнта ЗША Джорджа Буша абвясціць 10 снежня Днём правоў чалавека, паведамляе інфармацыйнае агенцтва ПРИМА-News. Такім чынам, ЗША рэагуюць на глабальную тэндэнцыю дзяржаўных расправаў з няўрадавымі арганізацыямі і праваабаронцамі, адзначаецца ў паведамленні.
Злучаныя Штаты захоўваюць цвёрды настрой падтрымліваць тых мужных людзей, якія змагаюцца за свабоду ва ўсім свеце.
Будзе створаны Фонд праваабаронцаў. У краінах, дзе захоўваецца тыранія, і нават у дзяржавах з нейкім падабенствам дэмакратычных інстытутаў праваабаронцы часта знаходзяцца ў небяспецы. Іх пераследваюць, ім фізічна пагражаюць і прычыняюць шкоду, а ў шматлікіх выпадках іх затрымоўваюць і змяшчаюць у турмы. Стварэнне глабальнага Фонду праваабаронцаў дазволіць ураду ЗША хутка рэагаваць на іх неадкладныя патрэбы, аказваючы дапамогу актывістам, у якіх ёсць надзвычайныя фінансавыя, прававыя або медыцынскія праблемы праз дзяржаўныя рэпрэсіі. Пачатковы капітал Фонду –1 мільён даляраў, і па меры неабходнасці ён будзе папаўняцца.
Урад ЗША высоўвае дзесяць асноўных прынцыпаў узаемадзеяння з няўрадавымі арганізацыямі, якімі ён будзе кіравацца ў дачыненні да іх і выконваць якія заклікае іншыя ўрады. Прынцыпы ўдакладняюць і дапаўняюць дзеючыя дакументы ААН і Еўрапейскага Звяза.
Пачынаючы з снежня 2007 года, дзяржаўны сакратар будзе штогод уручаць дзве ўзнагароды тым, хто імкнецца адстойваць чалавечую годнасць. Узнагарода “Абаронцы свабоды” будзе прысуджацца замежным актывістам або няўрадавым арганізацыям, якія прадэманстравалі прыхільнасць прасоўванню свабоды і мужнасць перад тварам небяспекі. Узнагарода “Дыпламатыя ў імя свабоды” будзе ўручацца амбасадару ЗША, які найлепшым чынам прасоўвае прэзідэнцкі “Парадак дня свабоды”, імкнецца спыніць тыранію і ўмацаваць дэмакратыю, выкарыстаць увесь спектр палітычных, эканамічных, дыпламатычных і іншых прылад. Амбасадар будзе адзначацца не толькі за асабістыя дасягненні, але і за сваё лідэрства ў прыцягненні ўсёй амбасады да рэалізацыі “Парадку дня свабоды”.
Каб узмацніць уздзеянне гэтых трох ініцыятыў і іншых мер у падтрымку тых, хто працуе ў імя свабоды, Злучаныя Штаты распачнуць дадатковыя крокі, уключаючы ўмацаванне партнёрства з іншымі ўрадамі, якія падзяляюць іх погляды, для далейшага ўмацавання і рэалізацыі “Парадку дня свабоды”.