Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Канада ўвяла эканамічныя санкцыі супраць Беларусі 09:26, 19/12/2006
У панядзелак урад Канады абвясціў аб увядзенні эканамічных санкцый супраць Беларусі, якія датычацца экспарту тавараў у нашую краіну. Як паведамляецца на сайце ўрада, “Канада па-ранейшаму вельмі занепакоеная тым, што Беларусь працягвае ігнараваць заклікі міжнароднай супольнасці ўсталяваць дэмакратыю”.
Паводле міністра замежных спраў Канады Пітэра Маккея (Peter MacKay), Беларусь “упарціцца ў абуральным парушэнні правоў чалавека і законнасці”. “Канада і міжнародная супольнасць павінны аказваць ціск на Беларусь, каб палепшыць умовы жыцця яе людзей”, – адзначыў кіраўнік канадскага МЗС.
У сваю чаргу міністр міжнароднага гандлю Дэвід Эмерсан (David Emerson) выказаў надзею, што “эканамічны ціск у форме абмежаванняў на экспарт паспрыяе станоўчым зменам у Беларусі”.
Паводле пастановы ўрада, любая кампанія, якая пажадала адправіць тавар у Беларусь, павінна звярнуцца да ўлад за экспартнай ліцэнзіяй. Рашэнне аб яе выдачы будзе прымацца ў кожным асобным выпадку. Аднак, як адзначаецца ў паведамленні на сайце ўрада Канады, з дазволамі на пастаўкі гуманітарных тавараў, у тым ліку харчавання, вопраткі, лекаў, інфармацыйных матэрыялаў, і на вываз адзінкавых прадметаў, набытых у асабістае карыстанне, “у большасці выпадкаў” цяжкасцяў не будзе.
На фота: міністр замежных спраў Канады Пітэр Маккей (Peter MacKay)