Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амбасадар ЗША: «Нас турбуе сітуацыя ў Беларусі» 16:41, 19/12/2006
Падводзячы вынікі працы амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі ў 2006 годзе, кіраўніца дыпламатычнага прадстаўніцтва Карэн Сцюарт адзначыла пагаршэнне ў Беларусі сітуацыі з захоўваннем правоў чалавека. “У сакавіку ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, яны не былі прызнаныя намі дэмакратычнымі і свабоднымі. Нас турбуе, што ў Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя і працягваюцца палітычна матываваныя арышты, працягваецца пераслед незалежных сродкаў масавай інфармацыі, няўрадавых арганізацый і рэлігійных суполак”, – заявіла амбасадарка ЗША сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Ацэньваючы вынікі сумеснай палітыцы ЗША і Еўразвяза па дэмакратызацыі Беларусі, Карэн Сцюарт адзначыла, што Беларусь – гэта “лепшы прыклад супрацоўніцтва паміж Злучанымі Штатамі і Еўрапейскім Звязам”.
“Каардынацыя паміж ЗША і Еўразвязам у працы з Беларуссю ідзе ўвесь час і вельмі шчыльна. Мы імкнемся да таго, каб усе нашыя крокі былі скаардынаваныя і дапаўнялі адзін аднаго”, – адзначыла амерыканская амбасадарка.
Каментуючы нядаўнюю прапанову амерыканскага прадстаўніка абмеркаваць у Радзе Бяспекі ААН сітуацыю з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, Карэн Сцюарт адзначыла, што “ЗША плануюць працягваць паднімаць пытанне аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пры любым адпаведным выпадку”.
“Мы будзем шукаць лепшыя магчымасці для абмеркавання беларусага пытання”, – адзначыла дыпламатка.
Карэн Сцюарт таксама пракаментавала прыняцце абедзвюма палатамі Кангрэса ЗША Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. “Сам факт прыняцця Акту сведчыць аб пазіцыі Кангрэса ЗША, які занепакоены сітуацыяй з дэмакратыяй у Беларусі. Прыняцце Акту гаворыць аб кансалідацыі і поўным кансенсусе паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі ЗША”, – адзначыла Карэн Сцюарт.
Паводле амерыканскай амбасадаркі, у Акце аб дэмакратыі, прынятым на 2007-2008 гады, вельмі важным з`яўляецца сцвярджэнне, што ЗША павінны падтрымліваць імкненне беларусаў да свабоды, дэмакратыі і незалежнасці, развіццё дэмакратычных рухаў і інстытутаў, павінны ўвесь час патрабаваць ад беларускіх улад вызвалення палітвязняў, шчыльна працаваць з міжнароднай супольнасцю ў вырашэнні гэтых задач.
“Я вярнулася ў Беларусь з адкрытым сэрцам. Я ведаю, што шматлікія беларусы жадалі б скарэйшых перамен у краіне, развіцця дэмакратыі і шанавання правоў чалавека. Беларусы жадаюць карыстацца тымі правамі і свабодамі, якімі карыстаюцца ўсе еўрапейцы. ЗША гатовыя шляхам дэмакратычных працэдур дапамагчы Беларусі стаць квітнеючай, дэмакратычнай краінай. ЗША – надзейны сябар беларускага народа”, – адзначыла Карэн Сцюарт.