|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Аляксандр Мілінкевіч: «Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, мы павінны быць пільныя» 09:50, 20/12/2006
– Што значыць для Вас уручэнне прэстыжнай прэміі Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”? – Гэта сімвал прызнання еўрапейскай будучыні Беларусі. Еўразвяз гатовы працаваць з нашай краінай. У яго ёсць стратэгія працы на доўгія гады: да перамогі дэмакратыі і ў далейшы перыяд. Сёння Беларусь знаходзіцца ў цэнтры ўвагі Еўрапейскага Звяза і ўручэнне нам прэміі Еўрапарламента – гэта вялізная падтрымка дэмакратычных сілаў Беларусі і нашай барацьбы за свабоду. Я адмовіўся ад грашовай часткі прэміі, бо гэтая ўзнагарода не належыць мне аднаму. Яна належыць тысячам людзей, якія кінулі выклік дыктатарскаму рэжыму. Я прапанаваў Еўрапарламенту выкарыстаць яе для падтрымкі людзей, рэпрэсаваных уладай. Тых, хто сёння знаходзіцца ў турмах, хто пазбаўлены працы, хто страціў здароўе і жыццё ў барацьбе з тыраніяй. Гэта прэмія Аляксандра Казуліна, Зміцера Дашкевіча, Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча, Андрэя Клімава і іншых палітвязняў. Гэта прэмія Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Зміцера Завадскага, якія былі выкрадзеныя і забітыя ў Беларусі. Гэта ўзнагарода для ўсіх тых, хто змагаецца за свабоду нашай краіны. – У Страсбурзе Вы выступілі ва ўсіх фракцыях Еўрапейскага Парламента. Аб чым Вы размаўлялі з еўрапейскімі дэпутатамі? – У кожнай фракцыі я ўздымаў асобныя пытанні. Напрыклад, з сацыял-дэмакратамі я размаўляў аб тым, што беларускія апазіцыйныя сілы аб`ядналіся ў кааліцыю, маючы самыя розныя ідэалагічныя погляды. Беларускі рэжым не дзеліць апазіцыю на левых і правых, у яго няма ідэалагічных прыхільнасцяў. Я нагадаў еўрапейскім сацыял-дэмакратам, што сёння ў беларускіх турмах знаходзяцца кіраўнікі двух сацыял-дэмакратычных партый – Аляксандр Казулін і Мікалай Статкевіч. І нам вельмі важна, каб у Еўрапарламенце, нягледзячы на розныя платформы, усе партыі былі адзіныя ў пазіцыі па Беларусі. Падчас выступу ў фракцыі Еўрапейскай Народнай Партыі я зрабіў акцэнт на тое, што сёння існуе рэальная пагроза страты Беларуссю незалежнасці, вырашаецца лёс цэлага народа. Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, мы павінны быць вельмі пільныя, бо толькі дэмакратыя можа гарантаваць краіне незалежнасць, а дыктатура заўсёды ўяўляе пагрозу. Страта нашай краінай суверэнітэту стала бы чыннікам дэстабілізацыі гэтага рэгіёна Еўропы. Сустракаючыся з дэпутатамі фракцыі “зялёных”, я казаў пра тое, што ў Беларусі замоўчваюцца праблемы Чарнобыля. Улада стымулюе вяртанне людзей у “зону” і гвалтоўна размяркоўвае туды маладых адмыслоўцаў. Вельмі важна, каб еўрапейскія “зялёныя” развівалі кантакты з нашымі экалагічнымі партыямі і няўрадавымі арганізацыямі. Дыктатура ніколі не будзе шчыра займацца рашэннем экалагічных пытанняў. Ёй прасцей цаной здароўя людзей замоўчваць гэтыя праблемы. З фракцыяй Саюза еўрапейскіх народаў я размаўляў аб праблеме нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і культурнага адраджэння беларускага народа. Прыход у Беларусь дыктатуры ў 90-х гг шмат у чым звязаны з тым, што беларуская нацыя не была да канца сфармаваная. Толькі народ з пачуццём адзінай сям’і здольны прайсці праз трансфармацыі і рэформы. І сёння ў Беларусі даволі хуткімі тэмпамі ідзе працэс фармавання нацыі. – Беларуская дэлегацыя таксама асобна сустрэлася са старшынёй Еўрапейскага Парламента Хасэпам Барэлем. Што абмяркоўвалася падчас гэтай сустрэчы? – Па-першае, спадар Барэль павіншаваў мяне з уручэннем прэміі. Старшыню Еўрапарламента вельмі цікавіла, што змянілася ў Беларусі пасля вясновых акцый пратэсту супраць падтасоўкі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Я распавёў, што падзеі сакавіка 2006 года значна змянілі атмасферу ў грамадстве. У краіне стала менш страху і з`явілася больш веры ў перамены. Улада ж адчула сваю слабасць і стала значна агрэсіўней. Узмацніліся рэпрэсіі супраць актывістаў апазіцыі, але салідарнасць, якую выказвае Еўразвяз, руйнуе асновы таталітарнай сістэмы. Мы размаўлялі са спадаром Барэлем пра санкцыі, якія могуць быць ужытыя да беларускага рэжыму. Я адзначыў, што санкцыі мусяць быць кропкавымі, персанальнымі, паколькі яны больш эфектыўныя. Я асобна адзначыў, што шэнгенскія візы, якія з наступнага года будуць каштаваць 60 еўра, недаступныя для большасці беларусаў і іх увядзенне прывядзе да з`яўлення “берлінскай сцяны” паміж нашай краінай і Аб`яднанай Еўропай. Я прапанаваў зрабіць выключэнне для Беларусі і не ізаляваць наш народ, знізіўшы кошт візаў. Я таксама звярнуў увагу старшыні Еўрапарламента на тое, што дапамога ЕЗ павінна быць для Беларусі больш гнуткай, бо тыя механізмы, якія існуюць сёння, распрацаваны для краінаў, што жадаюць праводзіць рэформы і дэмакратызавацца. Ва ўмовах Беларусі яны часцей за ўсё не працуюць. – Вядома, што падчас сустрэчы з камісарам ЕЗ Бенітай Ферэра-Вальднер Вы абмяркоўвалі ўмовы Еўразвяза, прапанаваныя беларускім уладам у абмен на пашырэнне супрацоўніцтва з Еўропай. Як ЕЗ ставіцца да рэакцыі беларускага ўрада на гэтыя прапановы? – Рэакцыі беларускіх уладаў пакуль няма, акрамя таго, што прапаганда заяўляе, што ЕЗ зноў “ультыматыўна” ставіць Беларусі ўмовы. Гэта няпраўда. Перад Менскам пастаўлена 12 умоў, сярод іх: вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсій па палітычных матывах, расследаванне знікненняў палітыкаў і журналістаў, правядзенне свабодных выбараў. Выкананне гэтых умоў зможа прыцягнуць шматмільённыя бязвыплатныя інвестыцыі ў эканоміку Беларусі. Беніта Ферэра-Вальднер асобна адзначыла, што Еўразвяз звярнуўся з гэтымі прапановамі не толькі да ўладаў, але і да беларускага народа, якія павінен ведаць, што ў Еўропе чакаюць Беларусь. Але Беларусь дэмакратычную, а не дыктатарскую. Камісар ЕЗ заявіла, што ў нашай краіны вельмі вялікія перспектывы ў супрацоўніцтве з Еўразвязам. Мы размаўлялі аб дапамозе беларускім студэнтам, якую ўжо падтрымаў Еўразвяз. Зараз гэтай праграмай займаецца Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, і мы прасілі распаўсюдзіць гэтую праграму на ўсе краіны, якія ўдзельнічаюць у падтрымцы рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў. Я таксама прасіў Беніту Ферэра-Вальднер аб інтэрнацыяналізацыі праектаў у падтрымку электронных медыя. Зараз на Беларусь вяшчаюць дзве новых радыёстанцыі ў Польшчы і ствараецца тэлебачанне. Але, на мой погляд, адных польскіх сілаў не хопіць. Трэба, каб іншыя краіны Еўразвяза і Еўракамісія далучаліся да гэтых праграм. Таксама абмяркоўвалася пытанне абароны правоў чалавека ў нашай краіне і дзейнасць Еўразвяза ў гэтым накірунку. – Напярэдадні візіту ў Страсбург Вы наведалі Славакію. Якія сустрэчы адбыліся ў гэтай краіне? – У Браціславе ў мяне адбылася афіцыйная сустрэча з міністрам замежных спраў Янам Кубішам. Падчас якой мы абмяркоўвалі падтрымку Славакіяй працэсаў дэмакратызацыі ў Беларусі і праграму супрацоўніцтва няўрадавых арганізацый Славакіі з грамадзянскай супольнасцю нашай краіны. Я сустрэўся таксама з сябрамі камісіі па замежных справах парламента Славакіі і звярнуўся да славацкіх дэпутатаў з просьбай быць нашымі прадстаўнікамі ў Еўразвязе разам з дэпутатамі Польшчы, Літвы, Чэхіі і прадстаўляць інтарэсы дэмакратычных сілаў Беларусі ў Аб`яднанай Еўропе, паколькі сваіх дэпутатаў там у нас пакуль няма. Вельмі важна, каб пытанне Беларусі было заўжды ў парадку дня еўрапейскіх структур. – Пасля цырымоніі ўручэння прэміі Еўрапарламента Вы прынялі ўдзел у форуме буйнейшай партыі Еўропы – Еўрапейскай Народнай Партыі (ЕРР). Вядома, што Ваш выступ на гэтым прадстаўнічым форуме прагучаў першым… – Я быў запрошаны на форум прэзідэнтам Еўрапейскай Народнай Партыі Вільфрэдам Марценсам. У форуме ЕНП прымаў удзел канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэм’ер-міністр Нідэрландаў Ян-Петэр Балканэндэ, прэм’ер-міністр Грэцыі Костас Караманліс, федэральны канцлер Аўстрыі Вольфганг Шусэль, прэм’ер-міністр Люксембурга Жан-Клод Юнкер, прэм’ер-міністр Швецыі Фрэдрык Рэйнфельд, прэм’ер-міністр Мальты Лоўрэнс Гонзі, прэм’ер-міністр Славеніі Янэз Дрноўшэк, прэмер-міністр Латвіі Айгарс Калвіціс і старшыня Еўрапейскай камісіі Жазэ-Мануэль Бароза. Удзельнічалі таксама лідэры правацэнтрысцкіх партый Францыі – Нікаля Сарказі, Бельгіі – Жо Вандэўрзэн, Нямеччыны – Эдмунд Штойбер, Партугаліі – Луі Маркес Мендэс і Эстоніі – Тааві Вескімагі, прэзідэнт Румыніі Траян Басэску, прэм’ер-міністр Харватыі Іва Санадэр, прэм’ер-міністр Албаніі Салі Берыша. Удзельнікі гэтага мерапрыемства павінны былі абмеркаваць і скаардынаваць свае дзеянні перад самітам ЕЗ. На форуме мне далі магчымасць выступіць першым. Я падзякаваў Еўрапейскую Народную Партыю за шырокую падтрымку маёй кандыдатуры на суісканне прэміі Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава, і адзначыў, што прынцыпы, якія аб`ядноўваюць гэтую партыю – свабода, справядлівасць, правы чалавека – блізкія і зразумелыя беларускім дэмакратычным сілам. Менавіта гэтыя прынцыпы былі для нас фактарам, які аб’ядноўвае. Я заклікаў удзельнікаў форума не пакідаць Беларусь без увагі. Нам неабходна ўвага свету і тады, калі мы стаім на плошчы, і тады, калі ідзе штодзённая “чарнавая” праца. Дыктатура не пратрымаецца доўга, яна ў значнай ступені страціла свой уплыў на грамадства і трымаецца на хлусні і рэпрэсіях. – З кім Вы сустракаліся падчас форума ЕНП? – З канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель, з міністрам унутраных спраў Францыі Нікаля Сарказі. Я размаўляў з прэм’ер-міністрам Босніі і Герцагавіны Аднанам Цержычам, прэм’ерам Харватыі Іва Санадэрам, кіраўніком урада Балгарыі Сяргеем Станішавым, прэм’ер-міністрам Швецыі Фрэдрыкам Рэйнфельдам і іншымі лідэрамі еўрапейскіх краінаў. – Якія пытанні Вы абмяркоўвалі? Наколькі еўрапейскія лідэры занепакоеныя сітуацыяй у Беларусі? – Усе яны выказвалі падтрымку і салідарнасць з беларускім народам у яго барацьбе за свабоду. Мы зараз знаходзімся ў цэнтры ўвагі еўрапейскай супольнасці. Мяне ўразілі словы старшыні Еўрапарламента Хасэпа Барэля, калі ён сказаў мне аб сітуацыі ў Беларусі: “Гэта ж было ў Іспаніі ў часы Франка! Тыя ж рэпрэсіі, той жа ціск, тыя ж метады. Я гэта перажыў, і ўсё гэта добра разумею!”. Трэба адзначыць важны факт. Людзі, якія перажылі дыктатуру, лепш разумеюць, у якім стане знаходзіцца беларускае грамадства, ім лягчэй зразумець, наколькі важная міжнародная падтрымка тым, хто змагаецца за свабоду ў нашай краіне. Гэта добра разумеюць і канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, якая перажыла рэпрэсіі ў ГДР, і прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, які пераследваўся ў Партугаліі ў часы дыктатуры Салазара, і старшыня Еўрапарламента Хасэп Барэль, які памятае часы франкістаў у Іспаніі. Гэтак жа сама, прасцей зразумець нашыя праблемы тым, хто жыў пры камуністычных рэжымах у Польшчы, Чэхаславакіі, Баўгарыі, Літве, Румыніі. Я вельмі шаную словы Хасэпа Барэля, якія ён выказаў на саміце Еўразвяза ў Лахці: мы не будзем прадаваць правы чалавека і дэмакратыю за нафту і газ. Мараль для кіраўнікоў ЕЗ вышэй за прагматычную цікавасць. – Вядома, што з Бельгіі Вы адправіліся ў Варшаву, дзе выступілі з дакладам у Еўрапейскім Каледжы. Аб чым гаварылася ў Вашым дакладзе? – Я казаў аб гісторыі Беларусі – трагічнай і гераічнай. Пра тое, што ў нас з палякамі і літоўцамі агульныя героі, агульныя дзеячы культуры, але Польшча і Літва сёння ў Еўразвязе, а мы засталіся далёка ззаду. Я спрабаваў назваць чыннікі таго, што здарылася. Мы адна з самых высокаадукаваных, найбольш тэхналагічных рэспубалік у былым СССР і адначасова найбольш дэнацыяналізаваная і саветызаваная. Беларуская нацыя, да канца не сфармаваная, у момант выпрабаванняў у пачатку 90-х гадоў не змагла ўсвядоміць усю адказнасць і паддалася на заклікі папуліста, які эксплуатуе тэму настальгіі. Але сёння беларусы змагаюцца. Калі ўвесну на плошчу выйшлі не толькі працоўныя, прадпрымальнікі і студэнты, але нават школьнікі, гэта было дзіўна. Настолькі людзі стаміліся жыць у хлусні і крывадушнасці! Я асабліва адзначыў ролю моладзі ў рэвалюцыйных падзеях: толькі маладыя могуць быць “маторам” кардынальных пераменаў, менавіта іх актыўнасць вядзе да перамогі. Сёння маладыя беларусы маюць магчымасць вучыцца ў элітарнай Еўрапейскім Каледжы, дзе вялізная ўвага надаецца супрацоўніцтву ў рамках Еўразвяза, і атрымоўваюць веды, якія не абцяжараныя цэнзурай і ідэалогіяй. Я веру, што вельмі хутка ўсе нашы студэнты змогуць вучыцца ў такіх навучальных установах у сябе на Радзіме. – Вы сустрэліся з былым прэзідэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім і лідэрамі буйнейшых партый “Права і справядлівасць” і “Грамадзянская платформа”. Аб чым Вы размаўлялі? – З Аляксандрам Квасьнеўскім мы абмяркоўвалі пытанні ўзаемаадносінаў Беларусі з Расеяй і Еўразвязам, а таксама яго нядаўнюю ініцыятыву па вядзенні дыялогу ЕЗ з беларускімі ўладамі. Я яму сказаў, што гатовы падтрымліваць дыялог, але напярэдадні пачатаку такіх працэсаў павінны быць пэўныя крокі па дэмакратызацыі Беларусі. Еўропа можа рабіць і два крокі на сустрэчу, калі Беларусі зробіць хоць адзін. Я сустрэўся таксама з кіраўніком “Грамадзянскай платформы” Дональдам Тускам. Мы размаўлялі аб пэўным супрацоўніцтве гэтай партыі з кааліцыяй дэмакратычных сілаў Беларусі, аб праблемах падтрымкі СМІ, аб стажыроўках і навучанні беларускіх студэнтаў у Польшчы. З прадстаўнікамі партыі “Права і справядлівасць” я размаўляў аб рэалізацыі праграмы польскага ўрада па падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі. Гаворка ідзе аб падтрымцы грамадзянскай супольнасці, сем`яў рэпрэсаваных, праграме навучання беларускіх студэнтаў імя Кастуся Каліноўскага і працаўладкаванні ў Польшчы беларусаў, звольненых з працы за сваю палітычную дзейнасць. – Вы таксама сустракаліся з лідэрамі легендарнага прафсаюза “Салідарнасць”. Наколькі карысны для Беларусі польскі досвед барацьбы з дыктатурай? – Быў арганізаваны “круглы стол”, на якім абмяркоўваліся пытанні выкарыстання польскага досведу часоў “Салідарнасці” у барацьбе супраць тыраніі. Дыктатуры дзейнічаюць аднолькава, спрабуюць увесці грамадства ў бездань страху шляхам арыштаў, звальнення з працы, выключэння з вну, зачынення ўсіх структур грамадзянскай супольнасці, інфармацыйнай ізаляцыяй краіны. Палякі шмат распавядалі аб тым, як яны змагаліся з камуністычнай дыктатурай. Важна было ўсеагульнае меркаванне аб тым, што калісьці дэмакратычныя краіны дапамаглі Польшчы, а сёння надыйшоў час Польшчы выканаць свой маральны доўг і дапамагчы суседзям. Польшча не жадае жыць побач з дыктатарскай, непрадказальнай краінай. ![]() Старшыня Еўрапарламента Хасэп Барэль уручае Аляксандру Мілінкевічу прэмію імя Андрэя Сахарава ![]() Аляксандр Мілінкевіч і старшыня Еўрапарламента Хасэп Барэль ![]() Дэпутаты Еўрапарламента ў знак салідарнасці паставілі на свае месцы бел-чырвона-белыя сцяжкі ![]() Аляксандр Мілінкевіч ў Еўрапарламенце ў Страсбурзе ![]() Падчас прэс-канферэнцыі пасля цырымоніі ўручэння прэміі Еўрапарламента
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|