Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сябра Партыі БНФ падаў зыск на газэту «Рэспубліка» 11:47, 21/12/2006
Сябра Партыі БНФ Вадзім Канапацкі падаў зыскавую заяву аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў суд Савецкага раёну гораду Менску на рэдакцыю газэты “Рэспубліка”. Нагодаю для падачы зыску стаў матэрыял журналіста Андрэя Сотнікава “Деньги и “демократы”, апублікаваны ў чарговым нумары газэты “Рэспубліка” за 10 лістапада 2006 г. № 204 (4144).
У публікацыі адносна Вадзіма Канапацкага была распаўсюджаная наступная іфармацыя: “Прадстаўнік штабу А. Мілінкевіча В. Канапацкі атрымаў ад кіраўніка літоўскага офісу Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту (IRI) Т. Олсэна грант у памеры 5 тыс. даляраў ЗША “на разьвіцьцё лясной інфраструктуры Менскай вобласьці” і ўзяў гэтыя грошы сабе”.
“Я лічу, - кажа Вадзім Канапацкі, што ў дадзеным артыкуле журналіст газэты “Рэспубліка” А. Сотнікаў распаўсюдзіў інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасьці. Распаўсюдзіўшы ўказаную інфармацыю, журналіст фактычна абвінаваціў мяне ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня й амаральных паводзінах”.
Вадзім Канапацкі, які на дадзены момант ёсьць зарэгістраваным кандыдатам ў дэпутаты ў Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў, перакананы, што такая інфармацыя наносіць істотную шкоду яго дзелавой рэпутацыі. У зыску, пададзеным у суд Савецкага раёну гораду Менску, ад газэты "Рэспубліка" патрабуецца надрукаваць абвяржэньне непраўдзівай інфармацыі й спагнаць матэрыяльную кампэнсацыю маральнай шкоды як з рэдакцыі, так і з журналіста, які напісаў матэрыял.