Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Андрэй Саннікаў: «Беларускаму рэжыму таксама варта чакаць увядзення іншых санкцыяў» 16:25, 21/12/2006
“Еўразвяз даўно вызначыў прынцыпы свайго супрацоўніцтва з дзяржавамі, не толькі з Беларуссю. Трэба памятаць, што Еўразвяз – гэта супольнасць дэмакратычных дзяржаў, якія перш за ўсё зацікаўленыя ў падтрымцы дэмакратыі і правоў чалавека. Таму не варта чакаць, што адносіны з краінамі, дзе гэтыя прынцыпы парушаюцца, будуць будавацца па нейкіх ценявых альбо нелегальных схемах. Уладам Беларусі неаднаразова казалі, што такія меры будуць прынятыя, калі працягнецца парушэнне правоў працоўных і прафсаюзаў. Еўропа досыць доўга чакала якой-небудзь рэакцыі на неаднаразовыя папярэджанні, але сітуацыя ў гэтай вобласці ў Беларусі толькі пагаршалася. Так што выключэнне Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый трэба разглядаць, як даўно наспеўшае рашэнне. Беларускаму рэжыму таксама варта чакаць увядзення іншых санкцыяў гандлёва-эканамічнага характару, паколькі абуральныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі сёння відавочныя для ўсіх”, – заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў, каментуючы рашэнне Рады Еўразвяза пазбавіць Беларусь гандлёвых прэферэнцый.
Па меркаванні Андрэя Саннікава, “нават калі ўрады асобных дзяржаў захацелі б пайсці на здзелку з Лукашэнкам, то грамадская думка ў гэтых дзяржавах і ў Еўропе ў цэлым абавязкова зрэагуе на такія крокі, а гэта будзе азначаць падрыў даверу сваіх жа выбаршчыкаў”.
“Мы бачылі спробы Польшчы, Літвы, Латвіі заплюшчыць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Гэтыя краіны пярэчылі рашэнню Еўразвяза. Але таксама ўбачылі, што гэтыя пярэчанні пераадольваюцца дзеля падтрымкі стандартаў дэмакратыі і павагі правоў чалавека. Даўно пара зразумець, што беларускі народ пакутуе ад рэжыму Лукашэнкі, які завёў краіну ў палітычны і эканамічны тупік, а не ад рашучасці дэмакратычных дзяржаў змяніць сітуацыю ў Беларусі”, – заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97.
Нагадаем, што ўчора Рада Еўразвяза большасцю галасоў прыняла рашэнне аб выключэнні Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый (ГСП). Рашэнне набудзе моц праз шэсць месяцаў, калі за гэты час у Беларусі не адбудуцца змены ў сітуацыі з правамі прафсаюзаў. Калі дзеянне прэферэнцый будзе прыпыненае, то пры таваразвароце з ЕЗ у 3 млрд. еўра (як гэта было ў 2005 годзе) Беларусь можа штогод губляць да 300 млн. еўра.
Генеральная сістэма прэферэнцый – гэта сістэма мытных ільгот, якія падаюцца з боку развітых краінаў краінам, што развіваюцца. Пад апошнімі ў дадзеным выпадку маюцца на ўвазе 77 краінаў па класіфікацыі ААН, краіны былога СССР, краіны былога сацыялістычнага лагера, якія пакуль не ўступілі ў ЕЗ, а таксама Кітай. Гандлёвымі прэферэнцыямі, гэта значыць паніжэннем на 10% мытных пошлін, карыстаюцца тыя краіны, якія захоўваюць правы чалавека, у прыватнасці права незалежных прафсаюзаў.