Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Казулін: «Я упэўнены, што змены ў Беларусі наспелі» 13:09, 22/12/2006
21 снежня сям’я экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, палітвязня Аляксандра Казуліна атрымала ягоную заяву аб выхадзе з галадоўкі. Заява была напісаная 11 снежня а 16 гадзіне, у канцы 53 дня палітычнай галадоўкі, напярэдадні афіцыйнай заявы кіраўніцтву Віцебскай выпраўленчай калоніі №3.
У заяве Аляксандр Казулін выказвае ўдзячнасць усім, хто яго падтрымаў падчас працяглай галадокі пратэсту.
“Нізкі паклон і вялізны дзякуй за салідарнасць, за вашыя сардэчныя да мяне адносіны і падтрымку ў маёй барацьбе. Душэўнае цяпло, гарэнне і водгук вашых сэрцаў з самых розных куткоў Беларусі, Украіны, Еўропы, ЗША, Канады сагравалі мяне ў ледніку цямніцы амаральнай, заганнай улады і давалі мне тую неверагодную сілу, якая дазволіць мне вытрымаць выпрабаванні і ў далейшым усё пераадолець дзеля шчасця, святла і адраджэння Беларусі! Я глыбока ўдзячны ўраду Злучаных Штатаў Амерыкі, Еўразвязу і Еўракамісіі, Нямеччыне, Фінляндыі і іншым краінам, шматлікім афіцыйным асобам асабіста, дыпламатычнаму замежнаму корпусу ў Беларусі за разуменне маёй пазіцыі і крыку душы ў барацьбе з прыгнётам гвалту і цемрашальства ў маёй роднай краіне... Удзячны Радзе БНР, “Бацькаўшчыне” і Івонке Сурвіле асабіста за распачатыя дзеянні ў гэтым накірунку”, – піша Казулін.
Пры гэтым палітык выказвае ўпэўненасць, што ў Беларусі неўзабаве адбудуцца дэмакратычныя пераўтварэнні:
“Я упэўнены, што змены ў Беларусі наспелі. Яны непазбежныя. І ход эвалюцыі ніякімі дэкрэтамі і гвалтам не спыніць. Але менавіта кансалідаваная міжнародная пазіцыя тут сыграе вырашальную ролю. У дэмакратычнай Еўропе, якая дынамічна развіваецца, не павінна быць такой “дзюры”, – лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты.
Казулін адзначае, што ягоныя патрабаванні выкананыя: урад ЗША прыняў рашэнне вынесці ў парадак дня паседжання Рады Бяспекі ААН пытанне аб сітуацыі ў Беларусі, Кангрэс ЗША падоўжыў дзеянне “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, краіны Еўразвяза таксама падрыхтавалі адпаведную афіцыйную заяву на гэтай падставе.
“Я шчаслівы і з 11 снежня 2006 года спыняю сваю палітычную галадоўку і пачынаю выходзіць з яе. Духоўнасць перамагла прагматызм! Дэмакратыя і сапраўдныя каштоўнасці сталі вышэй за меркантыльныя інтарэсы – у гэтым зарука прасоўвання чалавецтва!”, – такія словы напрыканцы заявы Казуліна.