|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Андрэй Клімаў: «Трэба весці наступальную барацьбу» 15:37, 22/12/2006
– Андрэй, чым запомніўся гэты год, праведзены ў зняволенні і ўдалечыні ад Менска? – Запомніўся поўным расчараваннем. Відавочна, што я выходжу на волю ў краіне, дзе сітуацыя з правамі чалавека, з выкананнем канстытуцыйных нормаў, дэмакратычнымі каштоўнасцямі яшчэ горш, чым калі я адпраўляўся на “хімію”. І сёння ад дэмакратаў, ад лідэра дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, мы ўсе чакаем рэальных вынікаў працы. Год прынес і прыемныя сюрпрызы – Расея, нарэшце, пачала давіць на Лукашэнку. Думаю гэта прывядзе да змены ўлады, і ў наступным годзе могуць адбыцца новыя прэзідэнцкія выбары. – Вас саслалі далей за ўсіх палітвязняў, прысуджаных да “хіміі” – у вёску Баршчоўка Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Як жыве беларуская глыбінка? – Калі ўзгадаць падзеі нядаўніх дзён, што звязаны са смерцю Туркменбашы Ніязава, то жыццё беларускай глыбінкі нічым не адрозніваецца ад жыцця туркменаў. Рабскае існаванне па традыцыях савецкага перыяду, усемагутнасць мясцовай улады. У мяне быў дыялог з адным з мясцовых кіраўнікоў. Ён так і сказаў: “Скажам галасаваць за Гітлера – і за Гітлера прагаласуюць”. Забяспечаная сям`я ў правінцыі – гэта дзе кожны дзень ядуць мяса. Лукашэнка зрабіў у глыбінцы сапраўдны галадамор. Працуюць толькі дзеля таго, каб было, што есці. Мара любога маладога чалавека ў правінцыі – збегчы адтуль. У Менск або за мяжу. І гэта правільнае рашэнне. Маладым там рабіць няма чаго. Спадзявацца на гэтых людзей тым, хто хоча зменаў у краіне, нельга. Усе намаганні мы павінны засяроджваць на Менску. Бо гэта адзіны горад у Беларусі, дзе людзі не думаюць толькі пра ежу. Аб правінцыі мы паклапацімся, калі зменіцца ўлада ў краіне. – Як думаеце, чаму Вам давялося адбываць пакаранне ў такой глушы? – Я рады, што там апынуўся. Людзі мне спадабаліся, яны нібы далі мне другое дыханне. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку я думаў, што мне няма месца ў гэтай краіне, я нікому не патрэбен і лепш пашукаць лепшай долі за мяжой. Але, пажыўшы сярод гэтых людзей, я зразумеў, што ў апазіцыі ёсць падтрымка. Калі ў вёску прыехаў Аляксандр Мілінкевіч, жыхары тыдзень хадзілі як зачараваныя. Усё паўтаралі: на БТ гавораць, што апазіцыя ўсё па замежжах ездзіць. А яны тут, побач, да нас прыехалі! Нас не забылі… Людзі чакаюць пераменаў. – Як склаліся адносіны з мясцовымі “хімікамі”? – З некаторымі давялося біцца да крыві. З кімсьці пасябраваў. У футбол гулялі, разам глядзелі па маім тэлевізары ўсе футбольныя матчы Лігі чэмпіёнаў, Чэмпіянат свету па футболе, Адкрыты чэмпіянат Амерыкі па тэнісе. Самае галоўнае, што я жыў у глухім лесе і гэта дазволіла мне захаваць свежае ўспрыманне таго, што адбываецца на волі. Аптымізм атрымалася захаваць, веру ў свой народ, у здольнасць апазіцыі ўзяць сітуацыю пад кантроль. – А з працаўнікамі выпраўленчай установы? – Мяне праз тры тыдні пасля прыбыцця на “хімію” пасадзілі на 7 сутак, паколькі ў краіне пачаліся прэзідэнцкія выбары. Але я ні на каго не пакрыўдзіўся, разумеў, што мясцовыя міліцыянты самі сабе не належаць, і яны падпарадкоўваліся загаду МУС. Гэтая пазіцыя дазволіла мне наладзіць адносіны, яны былі роўнымі. У чэрвені, не без дапамогі амбасадара Нямеччыны ў Беларусі Марціна Хеккера, я дамогся, што мне штомесяц пачалі даваць водпуск. І гэта галоўнае дасягненне. – Падчас выбарчых кампаній і напярэдадні акцый пратэсту ў Менску Вас заўсёды ізалявалі? – Так, проста не выпускалі з камендатуры за пару дзён да пачатку акцый і пасля. “Закрывалі” перад Чарнобыльскім шляхам, на травеньскія святы, 16 верасня, калі ў Менску быў Джынсавы фэст. Але я не пакутаваў: а куды там ісці ў гэтым лесе? У мяне былі тэлевізар, бібліятэка, кампутар. Я не быў ізаляваны ад цывілізацыі. – Кім давялося працаваць бізнэсмену і дэпутату Вярхоўнага Савета на “хіміі”? – Я працаваў інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела свідравой кампаніі “Дэльта”, яна знаходзіцца ў вёсцы Баршчоўка. Кампанія займаецца геадэзічнымі пошукамі для будаўніцтва АЭС. Праца не па маім профілі, але досвед у будаўніцтве дапамагаў, і я ім актыўна дзяліўся. На працы не было канфліктных сітуацый, і мне здаецца, я нейкую карысць прынёс гэтаму прадпрыемству. – Якія ўражанні ад першых часоў знаходжання на волі? – Ні з чым не параўнальная эйфарыя. Гэта такое шчасце – быць свабодным, гэта большае шчасце, чым быць пажыццёвым прэзідэнтам. – Якія планы на новы год? – На навагоднія святы – вялікая культурная праграма з жонкай і сябрамі. Столькі прапаноў сустрэціцца... І я не магу адмовіць людзям, якія хваляваліся за мяне, падтрымлівалі ўвесь гэты час. Што датычыцца планаў на сам год, то я думаю, што ў канцы студзеня можна будзе ацаніць сітуацыю краіне, і я займуся падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў. Па маіх разліках яны павінны адбыцца ўвосень 2007 года. Пытанне аб адхіленні Лукашэнкі ад улады ўжо вырашанае. Пытанне ў тым, хто будзе новым прэзідэнтам Беларусі, якія будуць узаемаадносіны новай улады з Расеяй, якія выгоды гэта прынясе Расеі. Безумоўна, Беларусь застанецца незалежнай краінай. – Якія прагнозы на вясну-2007? – У нас ёсць усе шанцы да вясны ўзяць пад свой кантроль сітуацыю ў краіне. Калі Аляксандр Мілінкевіч правільна выкарыстае прадстаўленыя яму магчымасці, то ў сакавіку ён зможа стаць нефармальным лідэрам краіны. Але актыўнасць нельга губляць ні на секунду, трэба весці наступальную барацьбу.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|