Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Газпром» прапанаваў Беларусі кампраміс – разлічыцца «Белтрансгазам» 13:28, 26/12/2006
“Газпром” зрабіў Беларусі кампрамісную прапанову па газе, паведамляе “Інтэрфакс”. У аўторак 26 снежня на сустрэчы з першым намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімерам Сямашкам кіраўнік “Газпрома” Аляксей Міллер заявіў, што кампанія пайшла насустрач Менску па ўсіх пытаннях паставак газу ў краіну ў 2007 годзе. “Газпром” таксама згадзіўся з ацэнкай “Белтрансгаза” у 5 млрд даляраў, хоць лічыць справядлівай цану ў 3,3 млрд даляраў. Аднак, як паведамляе ІТАР-ТАСС са спасылкай на крыніцу ў “Газпроме”, пагадненне па газе дасягнута не было.
“Больш ільготных і прэферэнцыяльных умоў на сённяшні дзень няма ні ў адной краіны былога СССР… Акрамя ўсяго іншага, сёння за пастаўкі расейскага газу на тэрыторыі Беларусі не спаганяецца экспартная пошліна. Калі б яшчэ спаганялі экспартныя пошліны, то цана газу для беларускіх спажыўцоў на мяжы Расеі і Беларусі складала 260 даляраў”, – заявіў Аляксей Міллер.
Паведамлялася, што пры базавай цане газу ў 200 даляраў “Газпром” быў гатовы грашыма браць 80 даляраў з кожнай тысячы кубаметраў, а на астатнюю суму атрымаць 50% акцый “Белтрансгаза”. Нескладана падлічыць, што ў дадзеным выпадку канцэрн згадзіўся з ацэнкай прадпрыемства роўна ў 5 млрд даляраў.
“Але, улічваючы нашыя партнёрскія ўзаемаадносіны, у газавай сферы мы палічылі магчымым забяспечыць Беларусі самы прэферэнцыяльны рэжым, згадзіліся з ацэнкай “Белтрансгаза” – 5 млрд даляраў, хоць насамрэч, па ацэнцы, якая была прадстаўленая па тых сцэнарных умовах, якія дзейнічаюць у цяперашні час, гэтая цана максімальна з`яўляецца 3,3 млрд даляраў”, – дадаў Міллер.
Ён таксама заўважыў: “Час ляціць хутка і, мы лічым, што ў дачыненні той сітуацыі, якая на сённяшні дзень у нас з вамі склалася – канец года, у нас не падпісаны кантракт, – уся адказнасць ляжыць зараз на беларускім баку, бо “Газпром”, Расейская Федэрацыя пайшла па ўсім пытанням насустрач”.
Тым не менш, як паведамляе ІТАР-ТАСС са спасылкай крыніца ў газавай манаполіі, Масква і Менск не змаглі дамовіцца па газе. Пры гэтым паведамляецца, што “Газпром” быў гатовы знізіць кошт пастаўкі газу з 200 да 130 даляраў за тысячу кубаметраў пры частковай аплаце акцыямі “Белтрансгаза”, аднак беларускі бок запатрабаваў цэны на ўзроўні Смаленскай вобласці. Калі бакі не змогуць дамовіцца, то Масква можа з 1 студзеня 2007 года спыніць пастаўкі газу ў Беларусь.
У панядзелак напярэдадні перамоваў афіцыйны прадстаўнік расейскай манаполіі Сяргей Купрыянаў выказаў жорсткую пазіцыю манаполіі ў дачыненні паставак газу Беларусі, дэзавуяваўшы запэўніванні бакоў, якія гучалі раней, што яны дамовяцца да канца года. “Дзеючы кантракт на пастаўку газу ў Беларусь мінае праз шэсць дзён. Перамоўная пазіцыя Беларусі безадказная і ставіць пад пагрозу энергазабеспячэнне краіны”, – паведаміў Купрыянаў. Пазней крыніца ІТАР-ТАСС расшыфравала: “Беларускі бок ставіць пад пагрозу пастаўкі яму расейскага газу з 1 студзеня 2007 года”.
Па меркаванні экспертаў, у 2007 годзе ў дачыненні Беларусі мог бы паўтарыцца сцэнар украінскай “газавай вайны”. Зараз Беларусь – адзіная краіна, якая ўсё яшчэ купляе расейскі газ па нутрарасейскіх цэнах – па 45 даляраў за тысячу кубаметраў. Аднак у бюджэце “Газпрома” на 2007 год прапісана 200 даляраў за тысячу кубаметраў. У “Газпроме” канстатуюць, што цяперашняя цана газу для Беларусі не толькі датацыйная, але ўжо і стратная для расейскай кампаніі, бо не пакрывае выдаткаў на здабычу і транспартоўку газу.
Тым часам у Менску ўпэўненыя, што пагадненне аб пастаўках газу ўсё ж будзе падпісанае. Міністэрства энергетыкі Беларусі заявіла, што здзіўленае рэзкасцю заявы Купрыянава. “Пакуль у перамоўным працэсе ўсё выбудоўваецца канструктыўна, думаю да канца года кантракты па ўмовах пастаўкі ў рэспубліку расейскага газу і стварэнні СП на базе “Белтрансгаза” будуць падпісаныя”, – заявіў у аўторак памочнік міністра энергетыкі Беларусі Андрэй Жукаў. На пытанне аб магчымым спыненні паставак расейскага газу ён сказаў: “Тое, што газ не будзе адключаны – гэта адназначна”.