Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Магілёве міліцыя збівала затрыманых актывістаў 10:48, 26/12/2006
Чатыром моладзевым актывістам з Магілёва пагражае штраф ад 5 да 25 базавых велічынь за нанясенне графіці. Маладзёны былі затрыманыя ўвечар 22 снежня на Савецкай плошчы пасля нанясення на некалькі будынкаў графіці “Малады Фронт не спыніць”. Невядомыя ў цывільным павалілі іх на зямлю і толькі пасля гэтага паказалі пасведчанні супрацоўнікаў адмысловага атрада хуткага рэагавання.
На патрульнай машыне затрыманыя былі дастаўленыя ў Ленінскі РАУС Магілёва, дзе былі складзеныя пратаколы аб парушэнні прэзідэнцкага дэкрэту № 31 “Аб узмацненні адказнасці за парушэнне заканадаўства аб ахове і выкарыстанні земляў, правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў”. У маладых людзей былі канфіскаваныя тры балончыка з фарбай і трафарэт.
Трэба адзначыць, што затрыманне адбывалася ў жорсткай форме. Аднаму з моладзевых актывістаў, Максіму Азараву, у магілёўскім траўмапункце паставілі дыягназ: “садно мяккай тканіны галавы і садно мяккай тканіны шыйнага аддзела пазваночніка”. Азараў збіраецца звярнуцца са скаргай у пракуратуру.
Па словах другога актывіста, Антона Усцімчука, супрацоўнікі РАУС падчас допыту выкарыстоўвалі нецэнзурныя выразы і не давалі затрыманым магчымасці выклікаць грамадскага прадстаўніка. Зміцеру Бендзіку, студэнту завочнага аддзялення Менскага лінгвістычнага ўніверсітэта, пагражалі выключэннем з вну.
Суд над магілёўскімі актывістамі павінен адбыцца ў самы блізкі час.