Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскаму палітолагу не дазволілі сустрэць Новы год у Менску 14:45, 26/12/2006
Беларускія ўлады не дазволілі расейскаму палітолагу Андрэю Суздальцаву адсвяткаваць калядныя і навагоднія святы разам з сям’ёй у Беларусі. На запыт Суздальцава ад 11 снежня 2006 года Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі 21 снежня 2006 года адказаў адмовай.
“Ваш зварот, які паступіў 11.12.2006 года ў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Дэпартаментам па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі ўважліва разгледжаны. Прынята рашэнне аб адмове Вам ва ўездзе і знаходжанні ў Рэспубліцы Беларусь з 25.12.2006 года па 05.01.2007 года”, – гаворыцца ў афіцыйным адказе МУС за подпісам першага намесніка начальніка дэпартамента А.Ю. Бягуна, які прыводзіць АФН.
Нагадаем, што 17 сакавіка беларускія ўлады анулявалі пасведчанне на права жыхарства палітолага Андрэя Суздальцава. 27 сакавіка грамадзянін Расеі А.Суздальцаў, які 13 гадоў пражыў у Беларусі, атрымаў афіцыйнае рашэнне аб дэпартацыі з Беларусі. Суздальцаву забаранілі ўезд у Беларусь на працягу пяці гадоў. Палітолаг прыехаў у Менск з Уладзівастока. Ягоная жонка мае беларускае грамадзянства і пражывае ў цяперашні час у Менску. У Суздальцавых двое непаўнагадовых дзяцей, якія вучацца ў школе.
У Беларусі Суздальцаў займаўся паліталогіяй, пісаў крытычныя каментары ў адрас беларускіх уладаў у незалежных беларускіх газетах і ў Інтэрнэце.