Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«КоммерсантЪ»: Беларусі прапанавана ўвайсці ў склад Расеі 09:46, 27/12/2006
Учора праваліўся чарговы раўнд перамоваў аб цане на газ для Беларусі. У Аляксандра Лукашэнкі засталося пяць дзён, каб прыняць канчатковае рашэнне, купляць газ па рынкавых цэнах або згадзіцца на ўваходжанне ў Расею. У першым выпадку расейскі газ на мяжы Расеі і Беларусі ўжо на наступным тыдні падаражэе з $46,7 да $105 за тысячу кубаметраў, у другім – Беларусі прыйдзецца ўвайсці ў “саюзную дзяржаву” на ўмовах Крамля, піша сёння расейская газета “КоммерсантЪ”. Затрымка з прыняццем рашэння і завяла перамовы “Газпрома” і беларускага ўрада ў тупік.
Учора віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка прыехаў у Маскву для перамоваў з кіраўніком “Газпрома” Аляксеем Міллерам аб цане на газ для ягонай краіны ў 2007 годзе. Перамовы ў чарговы раз праваліліся. Місія беларускага службоўцы абмежавалася паведамленнем, што ў урада Беларусі яшчэ ёсць час падумаць. У “Газпроме” ж нагадалі, што кантракт з “Белтрансгазам” мінае 31 снежня і ні кароткатэрміновага, ні доўгатэрміновага кантракту на пастаўку газу ў Беларусь у расейскай манаполіі няма.
Учора ж “Газпром” насуперак прынятай ім практыцы, абнародваў ход камерцыйных перамоваў аб цане на газ з урадам Беларусі. Сябра праўлення манаполіі і гендырэктар “Газпром экспарту” Аляксандр Мядзведзеў на брыфінгу ў Маскве падрабязна паінфармаваў аб змене пазіцыі “Газпрома” па пытанні цаны на газ для Беларусі за мінулы год. Спачатку расейскі бок, па ягоных словах, прапанаваў усталяваць планку ў $200 за тысячу кубаметраў. Аднак паколькі экспартная пошліна пры пастаўках газу ў Беларусь не плаціцца, за стол перамоў селі са стартавай пазіцыяй у $170. Але і гэтая цана была адхіленая беларускім бокам як тая, якае не адпавядае духу саюзнай дзяржавы. Тады “Газпром” знізіў стаўку да $110 за тысячу кубаметраў, а падчас апошняга раўнда перамоў – да $105.
Меркавалася, што ў 2007-2010 гадах “Газпром” атрымае ў якасці частковай аплаты за газ акцыі “Белтрансгаза”. Пры гэтым “Газпром” атрымаў бы з Беларусі “жывымі” грашыма ў 2007 годзе $1,5 млрд ($75 за тысячу кубаметраў), у 2008 годзе – $2,1 млрд ($105) пры аб`ёмах пастаўкі 20 млрд кубаметраў у год. Кіраўнік праўлення “Газпрома” Аляксей Міллер учора ўпершыню афіцыйна пацвердзіў, што расейская манаполія згадзілася купіць 50% акцый “Белтрансгаза” за $2,5 млрд. Пры гэтым мэнэджэры расейскай кампаніі не прамінулі адзначыць, што пайшлі на саступкі беларускаму боку, ухваліўшы самую высокую з чатырох магчымых ацэнак “Белтрансгаза”, праведзеных незалежным аўдытарам ABN Amro, на ўзроўні $5 млрд. У “Газпроме” ацэньваюць увесь “Белтрансгаз” у $3,5 млрд.
“Каб пазбегнуць абвінавачванняў з боку Беларусі мы цалкам прынялі да ўвагі характар узаемаадносінаў у рамках саюзнай дзяржавы”, – растлумачыў учора Аляксандр Мядзведзеў беспрэцэндэнтныя на фоне астатніх краінаў СНД саступкі “Газпрома” па цане на газ для Беларусі. Аднак падобная саюзніцкая пазіцыя, па словах спадара Мядзведзева, не была прынятая, і “бакі зноў вярнуліся да нерэальных запатрабаванняў”. Пры гэтым замест жорсткіх ультыматумаў, якія прагучалі напярэдадні ад афіцыйнага прадстаўніка “Газпрома” Сяргея Купрыянава, спадар Мядзведзеў заклікаў учора “не рабіць негатыўных прагнозаў”.
Чыннік, па якіх спадар Мядзведзеў катэгарычна адмаўляецца прагназаваць дзеянні манаполіі ў першыя дні новага года, тлумачыць Ъ крыніца, блізкая да Крамля. Па словах суразмоўцы “Коммерсанта”, Аляксандру Лукашэнку прапанавана прыняць умовы Крамля па аб`яднанні Расеі і Беларусі. У прыватнасці, правядзенне аб`яднальнага рэферэндуму ўжо ў 2007 годзе. Дзяржсакратар “саюзнай дзяржавы” Павел Барадзін ускосна пацвердзіў гэта, сказаўшы, што “у наступным годзе ўсе пытанні мы вырашым”. У сакавіку, па ягоных словах, Вышэйшы дзяржсавет ухваліць праект канстытуцыйнага акту, рэферэндум і ўвядзенне адзінага аплатнага сродку – расейскага рубля ў Беларусі.
Сітуацыю вакол цэнаў на газ учора ўпершыню з 15 снежня афіцыйна пракаментаваў сам Аляксандр Лукашэнка. “Нам вельмі цяжка даліся перамовы па пастаўках прыроднага газу з РФ”,– цытуе беларускага кіраўніка “Інтэрфакс”.
Адзначым, што ў 2004 годзе, калі “Газпром” ужо адключаў Беларусі газ, без газу заставаліся Калінінградская вобласць, Літва і Польшча: беларусы проста забіралі газ для сваіх патрэб з транзітнай трубы. Учора прадстаўнікі “Газпрома” заявілі, што “крыніцай пакрыцця дэфіцыту газу ў крызісных сітуацыях з`яўляюцца падземныя сховішчы газу”, і запэўнілі, што еўрапейцы не пацерпяць. Аднак у “Газпроме” не змаглі ўдакладніць, колькі газу сёлета запампавана ў падземныя сховішчы Нямеччыны і Літвы. Цікава, што, не ўзгадніўшы цану на газ, Расея і Беларусь учора не падпісалі і дамову аб транзіце расейскага газу ў Еўропу.