Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нягледзячы на ўсе старанні афіцыйных беларускіх СМІ, запэўненні і ўгаворванні ідэолагаў і экспертаў, дрэнныя весткі аб непадпісаным кантракце на пастаўку газу ў 2007 годзе і падвышэнні цаны на газ, які пастаўляецца ў Беларусь, усё ж дакаціліся да беларускіх грамадзянаў. Сітуацыю пагоршылі і чуткі аб магчымым падвышэнні цэнаў на нафтапрадукты на ўнутраным рынку, што звязана з рашэннем Расеі ўвесці экспартную пошліну на сырую нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь.
28 сьнежня з экс-кандыдатам ў прэзідэнты Беларусі, палітвязьнем Аляксандрам Казуліным ў калёніі сустрэўся ягоны адвакат Ігар Рынкевіч. Сустрэча доўжылася дзьве гадзіны. Галоўныя навіны тычацца пагаршэньня здароўя палітыка й ягоных заяваў пра выбары ў мясцовыя саветы.
Экс-кіраўнік НК ЮКОС Міхаіл Хадаркоўскі і былы кіраўнік МФА МЕНАТЕП Платон Лебедзеў, магчыма, сустрэнуць Новы год у чыцінскім СІЗА, паведаміў у чацвер "Інтэрфаксу" адвакат Хадаркоўскага Юрый Шмідт.
Беларусь патрапіла ў “дваццатку” горшых краінаў для падаткаплацельшчыкаў. Да гэтай высновы дайшлі Сусветны банк (ВБ) і PricewaterhouseCoopers (PwC), прааналізаваўшы ўзровень падатковых ставак і метады збору падаткаў, паведамляе MIGnews.
Расейскі канцэрн “Газпром” мае намер забяспечыцьтранзіт газу ў Еўропу праз Беларусь па сваім уласным газаправодзе “Ямал-Еўропа” незалежна ад беларускіх улад, заявіў журналістам афіцыйны прадстаўнік ААТ “Газпром” Сяргей Купрыянаў. “Крызісная сітуацыя з пастаўкамі газу ў Беларусь прынцыпова адрозніваецца ад леташняй – украінскай. І галоўнае адрозненне – гэта газаправод “Ямал-Еўропа”, – сказаў ён.
Гэтымі днямі “Газпром” упершыню афіцыйна дапусціў паўтор у дачыненні Беларусі леташняга ўкраінскага сцэнара адключэння газу. Манаполія папярэдзіла, што кантракт на пастаўку газу краіне мінае 31 снежня, а яе пазіцыю ў перамовах назвала безадказнай. Дагэтуль і кіраўніцтва “Газпрома”, і расейскія ўлады ўпэўнівалі, што бакі здолеюць дамовіцца. Аднак рыхтавацца да адключэння газу Беларусі манаполія пачала загадзя, запампаваўшы неабходныя аб`ёмы газу ў прыбалтыйскія і германскія сховішчы, паведамляе газета “КоммерсантЪ”. “Нямецкая хваля” папрасіла пракаментаваць сітуацыю кіраўніка навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука:
Дэпутат Мастоўскага райсавету Алесь Зарамбюк балятуецца цяпер у Гарадзенскі абласны савет. Ён зьяўляецца ўдзельнікам грамадзкага руху “За свабоду”. Сёньня яму ў Мастоўскай акруговай камісіі №42 адмовіліся зацьвердзіць тэкст выбарчай улёткі.
Украіна гатовая павялічыць транзіт прыроднага газу па сваёй тэрыторыі ў выпадку ўзнікнення праблем з яго пастаўкамі праз тэрыторыю Беларусі, паведаміў міністр паліва і энергетыкі Украіны Юрый Бойка, перадае “Інтэрфакс”. “Мы ў стане дапамагчы еўрапейскім спажыўцам за кошт павелічэння транзіту ў тых аб`ёмах, у якіх будзе неабходна для забеспячэння стабільнага функцыянавання нашых суседзяў у Еўразвязе”, – сказаў кіраўнік Мінпалэнерга журналістам у Кіеве ў чацвер.
Супрацоўнік нямецкага інстытута палітычных даследаванняў “Навука і палітыка”, старшыня нямецка-беларускага таварыства Райнер Лінднер пракаментаваў “Нямецкай хвалі” газавы канфлікт паміж Беларуссю і Расеяй і распавёў аб магчымасцях яго вырашэння.
У апошні час назіральнікі адзначаюць рэзкія рознагалоссі паміж Масквой і Менскам у пытанні аб цэнах на расейскія энергарэсурсы, якія пастаўляюцца Беларусі. Ёсць падставы меркаваць, што ў “саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі” можа вось-вось успыхнуць новая “газавая вайна”. Пракаментаваць тое, што адбываецца ў двухбаковых адносінах Расейская служба “Голасу Амерыкі” папрасіла вядомага расейскага палітолага Андрэя Піанткоўскага:
ААТ “Газпром” невядома аб існаванні Саюза акцыянераў “Газпрома”, ад імя якога рассылаюцца заявы ў падтрымку Беларусі. Аб гэтым БелаПАН заявілі ў прэс-службе расейскага канцэрну. “Мы ніколі не чулі пра такую арганізацыю”, – дадалі ў прэс-службе. Нагадаем, 28 снежня беларускае дзяржаўнае інфармацыйнае агенства БЕЛТА распаўсюдзіла заяву нейкага Саюза акцыянераў “Газпрома”, дасланую ў маскоўскі карпункт БЕЛТА з прэс-службы саюза.
Самым папулярным палітыкам Еўразвяза 2006 года стала канцлер Нямеччыны Ангела Меркель. Аб гэтым сведчыць апублікаванае ў чацвер апытанне грамадскай думкі, праведзенае ў буйнейшых краінах ЕЗ.
Сябра Еўрапейскай Камісіі Андрыс Пібалгс, адказны за энергетыку, заклікаў Расею і Беларусь да хутчэйшага ўрэгулявання газавага канфлікту і абвясціў аб скліканні паседжання Каардынацыйнай групы ЕЗ па газе.
Кіраўніку Гарадзенскага раённага аддзела Саюза палякаў Беларусі Мячыславу Яскевічу прад’яўлена абвінавачванне ў парушэнні арт.339 Крымінальнага кодэкса РБ – “хуліганства”. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў актывіст СПБ Анджэй Пачобут.
Амбасадар Славакіі ў Расеі Аўгусцін Чысар спадзяецца, што “Газпром” і Беларусь прыйдуць да кампрамісу ў газавым пытанні, і Еўропа ў натсупным годзе без газу не застанецца. “Я веру ў разумны сэнс, у перамовы. Па маім меркаванні, самае галоўнае, каб абодва бакі – і “Газпром”, і Беларусь – селі за стол перамоваў і паспрабавалі дамовіцца. Я веру, што абодва бакі сустрэнуцца і знойдуць кампраміс, каб Еўропа не засталася без газу”, – заявіў амбасадар “Інтэрфаксу” у чацвер.
Крызысную сытуацыю, якая склалася вакол коштаў на расейскія нафту і газ для Беларусі, камэнтуе «Радыё Свабода» лідэр расейскай партыі "Дэмакратычны саюз" Валерыя Навадворская: "Кошты на газ і нафту былі велізарным шчасьцем і гістарычным падарункам для Беларусі. Пакуль два тыраны — Пуцін і Лукашэнка — падтрымлівалі добрыя адносіны, беларускую апазыцыю нічога добрага не чакала. Цяпер калі яны пасварыліся, і Пуцін вырашыў пазбавіцца ад Лукашэнкі праз кошты на нафту і газ, зьявіўся шанец, што становішча ў Беларусі зьменіцца. Бо тыя, хто ў Беларусі галасуюць за Лукашэнку, любяць яго з мэркантыльных меркаваньняў. І ўсё гэта можа скончыцца падзеньнем дыктатуры ў Беларусі".
На фоне праблем з транзітам праз Беларусь газа і пастаўкамі нафты Расея знайшла яшчэ адзін калідор для экспарту нафты. Учора старшыня праўлення “Укртранснафты” Ігар Кірушын паведаміў, што “Укртранснафта”, “Транснафта” і ТНК-ВР падпісалі дадатак да пагаднення 2004 года аб супрацоўніцтве і каардынацыі дзеянняў пры транспартоўцы нафты па тэрыторыі двух краін. У выніку, па словах спадара Кірушына, прапампоўка расейскай нафты па трубаправодзе Брады-Адэса ў накірунку порта “Паўднёвы” павялічыцца да 9 млн тон у год з цяперашніх 3,7 млн тон. Працягваюцца таксама перамовы аб павелічэнні прапампоўкі да 12 млн тон.
Пасля тыднёвых перамоваў і ўзгадненняў з двума дзесяткамі друкарняў старшыня выканкама Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер заявіў, што “у сталіцы легальна няма магчымасці надрукаваць інфармацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты ад АГП”. Адмовіліся дапамагчы нават тыя, хто працаваў з дэмакратычнымі кандыдатамі ў перыяд парламенцкай кампаніі 2004 года.
На выпадак спынення паставак расейскага газу буйныя электрастанцыі Беларусі ўжо падрыхтаваныя да пераходу на мазут, піша “Коммерсант” са спасылкай на крыніцу ў энергаканцэрне “Белэнерга”. Па словах крыніцы, “у энергасістэме запасы мазуту перавышаюць нарматыў у 400 тысяч тон, гэтага хопіць больш чым на два тыдні”.
30 сьнежня моладзеваму лідэру, палітвязьню Паўлу Севярынцу споўніцца трыццаць гадоў. Акурат напярэдадні гэтай даты Рада Беларускага ПЭН-цэнтру пастанавіла ўганараваць Паўла Севярынца літаратурнай прэміяй імя Алеся Адамовіча. Палітвязень адзначаны за цыкл «Лісты зь лесу», які вось ужо паўтара году друкуе газэта «Наша Ніва».
Польшча чакае ад расейскага газавага манапаліста “Газпрома” прытрымлівання сваіх абавязальніцтваў у сувязі з рызыкай перабояў падачы газу з-за расейска-беларускага канфлікту, заявіў у эксклюзіўным інтэрв`ю “Інтэрфаксу” міністр эканомікі Польшчы Пётр Вазняк.
Менскі аўтамабільны завод распрацаваў на 2007 год план мерапрыемстваў па скарачэнні паліўна-энергетычных рэсурсаў на 11% у параўнанні з цяперашнім годам. Як паведамілі БЕЛТА у цэнтры грамадскіх сувязяў МАЗа, на прадпрыемстве пралічылі, што з 2007 года кошт паліўна-энергетычных рэсурсаў узрасце ў некалькі разоў і, адпаведна, павялічацца выдаткі на энергарэсурсы, а таксама іх доля ў сабекошты прадукцыі, якая выпускаецца.
Расейскі ўрад можа ўзняць пытанне аб увядзенні экспартнай пошліны на газ, які пастаўляецца ў Беларусь, паведамляе РІА “Новости” са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе. Калі прапанова кіраўніка “Газпрома” Аляксея Мілера будзе прынятая, то газ для Беларусі падаражэе да 260 даляраў за тысячу кубаметраў, а Расея дадаткова атрымае 1,3 млрд даляраў.