Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандра Казуліна могуць шпіталізаваць 17:54, 28/12/2006
28 сьнежня з экс-кандыдатам ў прэзідэнты Беларусі, палітвязьнем Аляксандрам Казуліным ў калёніі сустрэўся ягоны адвакат Ігар Рынкевіч. Сустрэча доўжылася дзьве гадзіны. Галоўныя навіны тычацца пагаршэньня здароўя палітыка й ягоных заяваў пра выбары ў мясцовыя саветы.
Ігар Рынкевіч паведаміў, што выхад Аляксандра Казуліна з галадоўкі аказаўся больш цяжкі, чым меркавалася. Паводле адваката, турэмныя дактары выказваюцца за шпіталізацыю Аляксандра Казуліна.
“У яго ацёкавасьць цела, колікі. Ён мае болей ляжаць. Раней здавалася, што ён набірае вагу, але набіраньне вагі й ацёкавасьць — гэта розныя рэчы. Магчыма, што не аднавілася праца пэўных органаў — магчыма, нырак. Ці нешта іншае недапрацоўвае, адсюль такія трывожныя сыпмтомы”, -- паведаміў адвакат для “Радыё Свабода”.
Аляксандар Казулін, аднак, пакуль адмаўляецца ад шпіталізацыі. Палітык патлумачыў адвакату, што зьмяшчэньне яго ў менскі турэмны шпіталь зьвязана з карантынам ды іншымі рэжымнымі дзеяньнямі, падчас якіх цяжка праводзіць курс выхаду з галадоўкі.
Аляксандар Казулін прасіў адваката перадаць на волю ягоныя меркаваньні адносна падзеяў у краіне. Гэтак, былы кандыдат на прэзыдэнта заклікае дэмакратычныя сілы заявіць пра недавер Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая, на яго думку, ня здольная гарантаваць законных выбараў, — і спыніць выбарчую кампанію.
Нагадаем, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня за арганізацыю 25 сакавіка акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. “Міжнародная амністыя” прызнала Казуліна вязьнем сумленьня. У калёніі Аляксандар Казулін 53 дні трымаў палітычную галадоўку пратэсту, у выніку якой дамогся абмеркаваньня беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН.