Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея можа ўвесці экспартную пошліну на газ для Беларусі 09:28, 28/12/2006
Расейскі ўрад можа ўзняць пытанне аб увядзенні экспартнай пошліны на газ, які пастаўляецца ў Беларусь, паведамляе РІА “Новости” са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе. Калі прапанова кіраўніка “Газпрома” Аляксея Мілера будзе прынятая, то газ для Беларусі падаражэе да 260 даляраў за тысячу кубаметраў, а Расея дадаткова атрымае 1,3 млрд даляраў.
У сераду 27 снежня кіраўнік Аляксей Мілер заявіў журналістам, што кампанія звернецца ва ўрад Расеі з прапановай увесці экспартную пошліну на газ для Беларусі. “У нас выклікае пытанне тое, што ў цяперашні час не дзейнічае экспартная пошліна на пастаўкі расейскага газу ў Беларусь. Гэта вядзе да неатрымання бюджэтам 1,3 млрд даляраў. “Газпром” мае намер звярнуцца ва ўрад РФ па гэтым пытанні”, – заявіў Мілер.
Дадзеная заява прагучала як рэакцыя на адмову Менска прыняць новыя цэнавыя ўмовы паставак расейскага газу, паведамляе NEWSru.com. “Больш ільготных і прэферэнцыяльных умоў на сённяшні дзень няма ні ў адной краіны былога СССР… Акрамя ўсяго іншага, сёння за пастаўкі расейскага газу на тэрыторыі Беларусі не спаганяецца экспартная пошліна. Калі б яшчэ спаганялі экспартныя пошліны, то цана газу для беларускіх спажыўцоў на мяжы Расеі і Беларусі складала 260 даляраў”, – заявіў Аляксей Мілер.
Як паведаміла крыніца ва ўрадзе РФ, пытанне аб увядзенні экспартных пошлін можа быць разгледжанае, хоць пакуль кабінет міністраў хацеў бы пазбегнуць прыняцця такога рашэння. “Гэтае пытанне можна разглядаць, дбайна рыхтавацца, рабіць канчатковыя разлікі, але рабіць гэта асцярожна”, – сказаў службоўца. Разам з тым, ён адзначыў, што “нагрувашчваць дадатковыя ўмовы ў няпростых перамовах аб супрацоўніцтве ў вобласці ТЭК не варта”.
Датычна перамоваў з Беларуссю аб цане на расейскі газ на 2007 год, якія адбываюцца ў цяперашні час, крыніца выказала надзею, што “здаровы розум пераможа, будзе прынятае своечасовае разумнае рашэнне”. “Думаю, што ўсё будзе добра, хоць напружанне расце”, – падагульніў ён. Наяўны кантракт на пастаўку расейскага газу ў Беларусь мінае праз чатыры дні.
Нагадаем, што ў пачатку снежня 2006 года Расея ўвяла пошліну на экспарт нафты ў Беларусь. Па ацэнках экспертаў, штогод гэта будзе пазбаўляць Беларусь каля 2 млрд даляраў прыбыткаў бюджэту. Бяспошлінны рэжым пастаўкі нафты ў Беларусь “каштаваў” Расеі каля 4 млрд даляраў у год.