Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міколу Статкевічу адмовілі ў датэрміновым вызваленьні 10:05, 29/12/2006
Бацька лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў, палітвязьня Міколы Статкевіча атрымаў афіцыйны адказ ад Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў пра тое, што ягонаму сыну адмовілі ў датэрміновым вызваленьні, паведамляе “Радыё Свабода”. Мікола Статкевіч адбывае пакараньне на “хіміі” ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 года.
Паводле афіцыйнага адказу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, пытаньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Міколы Статкевіча разгледзелі яшчэ 31 ліпеня. Сам палітык нічога пра гэта ня ведаў. У той час ён адбываў пакараньне ў Баранавіцкай спэцкамэндатуры.
“У канцы жніўня ў камэндатуры Баранавічаў, дзе я ў той час знаходзіўся, казалі: “Ну, Віктаравіч, начальнік выйдзе з адпачынку напачатку верасьня, разгледзім”. Такім чынам, пачаліся падманы, калі заднім чыслом робяцца дакумэнты. Бацьку паведамілі, што пытаньне паездак да яго цяпер у кампэтэнцыі Пухавіцкай камэндатуры. Я ўжо ад верасьня ня бачыў свайго бацьку, і мяне вельмі турбуе ягоны стан, бо яму ў студзені споўніцца 80 гадоў, і ён адзін там”, -- паведаміў Мікола Статкевіч “Радыё Свабода”.
Кіраўніцтва спэцкамэндатуры ў вёсцы Блонь паведаміла Міколу Статкевічу, што да канца студзеня пытаньня пра тое, ці адпусьціць яго дадому на выходныя, наагул, разглядацца ня будзе.
Моладзевы лідэр Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў Магілёве за палітычныя графіці, таксама Новы год сустрэне ў інтэрнаце спэцкамэндатуры. Яму паведамілі, што ў сьвяточныя дні нават не дазволяць выйсьці ў горад.
Паўлу Севярынцу, які адбывае пакараньне ў вёсцы Малое Сітна, паабяцалі, што 31 сьнежня адпусьцяць на два дні наведаць бацькоў у Віцебску.