Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пуцін апынуўся адным з самых непапулярных палітыкаў на Захадзе 10:46, 29/12/2006
Апублікаваныя вынікі апытання грамадскай думкі, праведзенага Міжнародным інстытутам Harris. Апытанне праводзілася сярод грамадзянаў Еўрапейскага Звяза і ЗША. Большасць рэспандэнтаў абралі лепшым міравым лідэрам канцлера ФРГ Ангелу Меркель. Горшыя паказчыкі ў іранскага кіраўніка Махмуда Ахмадзінежада і расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.
Больш за ўсё прыхільнікаў на захадзе ва Уладзіміра Пуціна ў Нямеччыне (21%) і, як ні дзіўна, у ЗША (18%). Рэйтынг папулярнасці іранскага лідэра ў ЗША складае ўсяго 6%, а ў Еўропе яшчэ менш.
Аднак у расейскага і іранскага прэзідэнтаў моцна адрозніваюцца антырэйтынгі. Ва ўсіх краінах, дзе праводзіцца апытанне, акрамя ЗША, з большым недаверам ставяцца да Пуціна, чым да Ахмадзінежада. Прэзідэнта РФ не любяць 73% французаў (і толькі 60% дрэнна ставяцца да іранскага калегі), 60% брытанцаў (супраць 53% у Ахмадзінежада) і аж 81% гішпанцаў (да прэзідэнта Ірана – 70%), паведамляе “КоммерсантЪ”.
Уладзімір Пуцін саступае ў рэйтынгу таксама Уга Чавесу, да яго адносяцца значна лепш ва ўсёй Еўропе, акрамя Гішпаніі, і Фідэлю Кастра, яму давяраюць менш за Пуціна толькі ў Гішпаніі і ЗША.
Нечаканасцю стаў рэйтынг лепшых сусветных лідэраў. На чале гэтага спісу апынулася Ангела Меркель – ёй сімпатызуе большасць італьянцаў (61%), гішпанцаў (60%), французаў (57%) і немцаў (51%). Пры гэтым яе адмоўны рэйтынг надзвычай малы.
Таксама падчас апытання была вылучаная галоўная падзея 2006 года. Для еўрапейцаў і жыхароў ЗША найважнейшай падзеяй года стала летняя вайна ў Ліване паміж ізраільскімі войскамі і рухам “Хізбаллах”. Яе паставілі на першае месца большасць французаў (22%), італьянцаў (18%) і гішпанцаў (20%). У Нямеччыне і Брытаніі на першым месцы апынулася далучэнне КНДР да клуба ядзерных дзяржаў (20% і 19% адпаведна). 27% апытаных у ЗША лічаць галоўнай міжнароднай падзеяй паражэнне Рэспубліканскай партыі на выбарах у кангрэс, аднак амаль столькі ж адзначылі ядзерныя выпрабаванні ў Паўночнай Карэі. На дзесятым месцы ў рэйтынгу сусветных падзей знаходзіцца забойства Ганны Паліткоўскай (ад 5% у Італіі да 1% у ЗША).
Нарэшце, кожнага з апытаных сацыёлагі папрасілі выказаць, як яны ставяцца да іранскага крызісу, вайны ў Іраку і прысуду Саддаму Хусейну. Большасць жыхароў кожнай з краінаў Захаду лічаць, што Саддам Хусейн павінен быць павешаны, замежныя войскі з Ірака трэба вывесці, а іранскі ядзерны крызіс неабходна вырашаць толькі дыпламатычным шляхам, але ніяк не вайскоўскім.
Аўтары справаздачы паведамляюць, што яе хібнасць каля 1,5%.