Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Меркель лічыць апраўданымі абмежаванні для расейскіх энергетычных кампаній у Заходняй Еўропе 15:10, 03/01/2007
Федэральны канцлер Ангела Меркель (ХДС) лічыць, што сённяшнія абмежаванні на інвестыцыі расейскіх энергетычных кампаній у Заходняй Еўропе апраўданыя, хоць імкненне Расеі да атрымання непасрэднага доступу на еўрапейскія рынкі цалкам легітымнае.
Такія падкантрольныя дзяржаве энергетычныя кампаніі, як расейскі газавы гігант "Газпром", спрабуюць шляхам набыцця акцый еўрапейскіх кампаній атрымаць доступ да канчатковага спажыўца ў ЕЗ. Гэтая тактыка не знаходзіць ухвалы на Захадзе, паколькі Расея абвясціла вялікую частку сваёй эканомікі стратэгічнымі галінамі, што пацягне сур`ёзныя абмежаванні для заходніх фундатараў. Напрыклад, пры распрацоўцы радовішчаў нафты і газу фактычна дапушчаецца толькі мінарытарны ўдзел замежных акцыянераў. Федэральны ўрад, са свайго боку, падбаў аб тым, каб расейскія кампаніі не змаглі засяродзіць у сваіх руках занадта моцнага ўплыву ў такіх кампаніях, як EADS або Telekom, піша "Financial Times Deutschland" (поўны тэкст на сайце Inopressa.ru).
Нагадаем, у пачатку верасня міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмайер (СДПГ) прадставіў праект новай стратэгіі ў дачыненні Расеі, якому ён са сваімі калегамі даў назву "Ператварэнне праз узаемадзеянне". У рамках гэтай стратэгіі МЗС выступае за больш цеснае супрацоўніцтва з Масквой, у прыватнасці ў сферы энергетыкі і даследаванняў. Расею і Еўразвяз, па меркаванні германскага МЗС, павінна звязаць адзіная зона свабоднага гандлю.
Праект сутыкнуўся з хваляй крытыкі, перш за ўсё з боку ХДС/ХСС. Меркель таксама неахвотна падтрымала канцэпцыю "Ператварэння праз узаемадзеянне", адзначыўшы толькі, што ў аснове гэтага праекту ляжыць "правільная думка". Пакуль што федэральны ўрад дыстанцуецца ад сваёй першапачатковай стратэгіі. Як адзначыў адзін вышэйшы супрацоўнік МЗС Нямеччыны, у цяперашні час ад Расеі не чакаюць "поўнай салідарнасці", а імкнуцца дасягнуць "згоды па некаторых найбольш важных пытаннях".
На фоне залежнасці Еўропы ад расейскага газу, якая ўвесь час расце, тэма энергетыкі застаецца каменем перапоны ў адносінах паміж Расеяй і ЕЗ. Пакуль Масква адмаўляецца ратыфікаваць Энергетычную хартыю, якая палегчыла б доступ на расейскі рынак і ўмацавала б надзейнасць паставак расейскіх энергарэсурсаў. Шмат у чым з-за падобнай пазіцыі Расеі Польшча перашкаджала правядзенню перамоваў адносна заключэння новай дамовы аб партнёрстве паміж РФ і ЕЗ. Аднак Меркель выказала ўпэўненасць у тым, што гэтая канфліктная сітуацыя ў хуткім часе вырашыцца: "У самы блізкі час мы зможам пачаць перамовы, хоць яны будуць зусім не простымі", – заявіла яна.