Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
І зноў газавы шантаж 10:49, 03/01/2007, «The Wall Street Journal»
Нягледзячы на шматлікія асцярогі, новы год не пачаўся з перакрыцця трубы, па якой прыродны газ у канчатковым рахунку трапляе да заходнееўрапейскіх спажыўцоў. У апошні момант Беларусь саступіла патрабаванням Крамля аб падваенні цаны на газ і перадала яму кантроль над беларускай сеткай транзітных газаправодаў. Дзякуючы гэтаму яна пазбегла такога адключэння, якое перажыла Украіна 1 студзеня 2006 года.
Ціск на Менск сёлета таксама не выклікаў на Захадзе воклічаў абурэння, якія раздаваліся падчас леташняй газавай вайны з Кіевам. Збольшага гэта тлумачыцца ўласнымі цынічнымі інтарэсамі: праз Беларусь Еўропа атрымоўвае толькі пятую частку свайго газу, а праз Украіну, адпаведна, чатыры пятых. Аднак гэты апошні эпізод маскоўскага шантажу з дапамогай крана паказвае стратэгію Расеі па дачыненні да ўсяго кантынента, а еўрапейскія лідэры ігнаруюць яе на ўласны страх і рызыку.
Акрамя таго, цяперашняя спрэчка не была так яўна звязаная з палітыкай. Калі было відавочна, што Крэмль караў празаходніх дэмакратаў, якія ўзначалілі ўкраінскую “памаранчовую рэвалюцыю”, то ў выпадку з Беларуссю тое, што адбываецца, выглядае як цалкам эканамічная справа, паколькі беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка – расейская марыянетка. Аднак гэта толькі частка праўды.
Расея зрабіла магчымым пераабранне Лукашэнкі ў мінулым годзе, і “Газпром” вырашыў атрымаць плату за гэтую паслугу ў форме новага кантракту. Ягоная ўпартасць дайшла да парушэння палітычнай субардынацыі. Захад, магчыма, і не жадаў уступацца за “апошняга дыктатара Еўропы”, аднак кінуць яго на выраск лёсу азначае толькі спрыяць узмацненню ўплыву расейцаў у Беларусі. А выцесніць іх з Менска будзе куды складаней, чым Лукашэнку.
Што жа датычыцца перспектыў, то галоўным у дасягненні кампрамісу з Беларуссю стала атрыманне "Газпромам" 50% акцый "Белтрансгаза", беларускай манаполіі, якая валодае газаправодамі. "Газпром" не ўтойвае, што ягоная мэта – атрымаць ва ўласнасць трубаправоды, якія злучаюць яго газавыя радовішчы са спажыўцамі. Гэта адзін з асноўных чыннікаў, па якіх Масква адмаўляецца ратыфікаваць Міжнародную энергетычную хартыю, якая абавязвае падаць свабодны доступ да трубаправодных сетак. Па гэтым чынніку Расея жорстка выступае супраць планаў Еўразвяза па лібералізацыі газавага рынку. Часткай гэтай рэформы, верагодна, стане забарона з боку ЕЗ пастаўшчыкам газу валодаць трубаправодамі, і наадварот.
Таму "Газпром" спяшаецца стварыць і купіць дастатковую колькасць трубаправодаў у ЕЗ для атрымання больш магутных рычагоў уздзеяння. Яму ўжо прыналежыць 50% мінус адна акцыя кампаніі Wingas (другім акцыянерам з`яўляецца падраздзяленне BASF Wintershall AG), якому, па дадзеных "Газпрома", прыналежыць 2 тыс. кіламетраў трубаправода ў Нямеччыне і буйнейшае ў Еўропе падземнае газавае сховішча. Магчыма, Масква разумее, што калі яна збярэ досыць сілаў, то ў еўрапейцаў не хопіць рашучасці, каб выцесніць "Газпром". Улічваючы нясмелую рэакцыю Брусэля на змушаны саюз Gaz de France і Suez, Крэмль можа апынуцца тым, хто мае рацыю.
Выклікае значную турботу манапалізм падобных кампаній і краінаў, дзе дзяржава мае значны ўплыў у энергетычным сектары: узгадайце аб GdF і EdF у Францыі. Яшчэ горш, калі дзяржава і ёсць кампанія, як у сённяшняй Расеі, і гэтая структура не хаваючыся забараняе некаторыя замежныя інвестыцыі, змяняе ўмовы для інвестыцый па ўласным недарэчным жаданні. Еўрапейскія спажыўцы, якія жадаюць ведаць, як з імі можа абыйсціся вертыкальна інтэграваны "Газпром", хай спытаюць аб гэтым кіраўніка Royal Dutch Shell Йеруна ван дэр Віра. У канцы мінулага месяца яго фактычна прымусілі перадаць кантроль над нафтавым праектам "Сахалін-2" расейскаму газаваму гіганту.
Манапольны статус "Газпрома" таксама падрывае веру ў заявы з боку кампаніі і Крамля (выбачыце за нязменныя паўторы) пра тое, што сітуацыя ў Беларусі – выключна пытанне ўвядзення прынцыпу "рынкавага коштаўтварэння" у былых савецкіх рэспубліках. Падобная лінія таксама была прадэманстраваная ў спрэчках з Украінай, Азербайджанам, Малдовай і Грузіяй. Але справа ў тым, што выразнай рынкавай цаны на гэты газ не існуе. У "Газпрома" няма канкурэнтаў, якія маглі б накіраваць расейскі газ па трубаправодах у Беларусь па ніжэйшых цэнах. Але важна не гэта. Няхай прыхільнікі крамлёўскага капіталізму адкажуць на такое пытанне: з якіх пор "рынкавая" эканоміка выяўляецца ў змушаным продажы актываў адной фірмы іншай фірме, асабліва калі гэтыя актывы прадаваць не меркавалася?
Зараз ужо цяжка ўзгадаць, аднак да леташняга шантажу Украіны ў "Газпрома" была добрая рэпутацыя надзейнага партнёра. Але з гэтым пакончана. Гэта яшчэ адна падстава для Брусэля паскорыць выкананне сваіх планаў па лібералізацыі газавага рынку. Тое, як еўрапейскія палітыкі ацэньваюць пагрозу з боку Расеі, мы зразумеем у чацвер, калі адбудзецца нарада кардынацыйнай групы ЕЗ па газе, і на наступным тыдні, калі Еўракамісія апублікуе агляд стану энергетычнай галіны. Любыя навіны аб лібералізацыі дрэннымі навінамі не стануць.