Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь можа зачыніць мяжу з Расеяй 11:47, 04/01/2007
Канфлікт паміж Беларуссю і Расеяй у гандлёва-эканамічнай сферы, які ўвесь час нарастае, падрывае асновы “саюзнага будаўніцтва” і ў выніку можа прывесці да ўсталявання паўнавартаснай мытнай мяжы паміж дзяржавамі, лічыць намеснік кіраўніка камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД “палаты прадстаўнікоў” “нацыянальнага сходу” Анатоль Красуцкі. “Распачатыя абаімі бакамі дзеянні па пытанні паставак расейскай нафты ў Беларусь падрываюць асновы, закладзеныя ў рамках Дамовы аб стварэнні “саюзнай дзяржавы”, і закранаюць асноўныя каштоўнасці саюзнага будаўніцтва – Мытны саюз”, – заявіў А.Красуцкі “Інтэрфаксу” у чацвер.
“Палатнік” лічыць, што адным з галоўных чыннікаў распачатых Расеяй дзеянняў па пастаўках у Беларусь газу і нафты з’яўляецца імкненне расейскага боку атрымаць “смачныя кавалкі беларускай уласнасці”. “Расея назапасіла досыць магутныя эканамічныя рычагі і мускулы за кошт атрымання мільярдаў нафтадаляраў, якія неабходна кудысьці ўкладаць. А у Беларусі ёсць прынадныя галіны, якія з’яўляюцца цікавымі для расейскага бізнэсу – нафтаперапрацоўка, Белтрансгаз, Беларуськалій, Беларускі металургічны завод”, – сказаў А.Красуцкі. У сувязі з гэтым, паводле яго, “мы сёння і назіраем эканамічны прэсінг і ціск з боку Расейскай Федэрацыі”.
Намеснік кіраўніка парламенцкай камісіі лічыць абгрунтаваным і адэкватным прыняцце беларускім бокам рашэння аб увядзенні мытнай пошліны на транзіт расейскай нафты па беларускіх нафтаправодах у адказ на рашэнне ўрада Расеі ўвесці пошліну на пастаўкі нафты ў Беларусь. А.Красуцкі таксама мяркуе, што дадзенай сітуацыі можна было б пазбегнуць, калі б бакі своечасова вырашылі праблему падзелу экспартных пошлін на беларускія нафтапрадукты. “У дадзеным выпадку беларускі ўрад не досыць гнутка спрацаваў у гэтых пытаннях, выявіўшы залішнюю самаўпэўненасць”, – адзначыў А.Красуцкі.
“Расея выразна прадэманстравала намер будаваць эканамічныя адносіны з Беларуссю на рынкавых прынцыпах. Таму цалкам справядлівым з`яўляецца жаданне беларускага боку выставіць Расеі прапановы па аплаце ўсіх паслуг, якія аказваюцца ёй у Беларусі”, – сказаў дэпутат. Так ён пракаментаваў патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі паставіць пытанне “аб транзіце расейскай нафты праз Беларусь, аб аплаце гэтага транзіту, аб аплаце за зямлю, якая выкарыстоўваецца пад газавыя і нафтавыя трубы, а таксама паставіць пытанне аб уласнасці Расеі тут”.
А.Красуцкі выказаў здагадку, што “наступным крокам Расеі стане павелічэнне чыгуначных тарыфаў для Беларусі”. “Абмен гэтымі ўколамі будзе ісці датуль, пакуль нешта не зраўнуецца і выйдзе на рынкавую аснову. Або пакуль мы не паставім мяжу, што прывядзе ў нармальнае цывілізаванае рэчышча ўсе гэтыя адносіны”, – заявіў “палатнік”.