Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ціск на Беларусь 15:05, 04/01/2007, «The Washington Post», (ЗША)
Некалькі дзён таму Еўропа ледзь пазбегла новага крызісу з энергазабеспячэннем: Менск і Масква літаральна ў апошнюю хвіліну здолелі дамовіцца, і пагроза Расеі спыніць пастаўкі газу ў Беларусь не была рэалізаваная. Паколькі праз тэрыторыю Беларусі гэтая сыравіна транспартуецца ў Польшчу і Заходнюю Еўропу, спыненне паставак у гэтую краіну магло закрануць і іншых спажыўцоў, як гэта здарылася год таму, калі Масква “перакрыла газавы вентыль” Украіне. Чыннік спрэчак у абодвух выпадках быў аднолькавы: рэзкае падвышэнне Масквой цэнаў на газ, які пастаўляецца суседнім краінам, і патрабаванне аб перадачы кантрольных пакетаў трубаправодных сістэм, праз якія “блакітнае паліва” трапляе ў іншыя рэгіёны Еўропы. Беларусь, як і Украіна, заяўляла, што эканамічны ціск Масквы мае палітычную падаплёку, а Крэмль сцвярджаў, што ён толькі пакончыў з практыкай ільготных тарыфаў, перанятай ад савецкіх часоў.
Насамрэч маюць рацыю абодва бакі – але ўрады заходніх краінаў павінны ў першую чаргу хваляваць палітычныя складальнікі. Як сцвярджае кіраўніцтва кампаніі “Газпром”, якая кантралюецца Крамлём, тарыфы, па якіх прыйдзецца расплачвацца Беларусі (на 2007 г. яны складаюць 100 даляраў за тысячу кубаметраў) – застаюцца самымі нізкімі з тых, што прапаноўвае Расея імпарцёрам, хоць і нашмат перавышаюць ранейшую цану ў 46 даляраў. Аднак Беларусь атрымала скідку толькі ў абмен на згоду прадаць кантрольны пакет акцый транзітнага газаправода, што стала чарговым этапам кампаніі Масквы па манапалізацыі энергетычных паставак у Еўропу.
Беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку клічуць “апошнім дыктатарам Еўропы”. Але куды менш вядомы іншы факт: ён упарта супрацівіцца спробам Расеі далучыць Беларусь. Некалькі гадоў таму спадар Лукашэнка падпісаў з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным пагадненне аб аб’яднанні двух краінаў; па ягоных умовах Беларусь павінна была перайсці на расейскі рубель і перадаць Маскве кантроль над газаправодам. Аднак спадар Лукашэнка, які спадзяваўся, што ў выніку ён стане лідэрам саюзнай дзяржавы, змяніў пазіцыю, усвядоміўшы, што яму прыгатаваная роля губернатара адной з правінцый. Ён супрацівіцца саступцы трубаправода, і не жадае паступацца суверэнітэтам сваёй краіны.
У выніку спадар Пуцін вырашыў атрымаць жаданае за кошт “пераходу на рынкавыя цэны”. “Нам у чарговы раз пагражаюць эканамічнымі санкцыямі і ізаляцыяй, – заявіў спадар Лукашэнка ў навагоднім тэлезвароце. – Чыннік гэтага просты – нашае імкненне да незалежнасці”. Далей ён згадаў аб “антыбеларускіх настроях” у Маскве, якія “наносяць удар па нашым векавым сяброўстве”.
Магчыма, расчараванне спадара Лукашэнкі ў расейскіх партнёрах заахвоціць яго да спробаў палепшыць адносіны з Захадам. Аднак, як нядаўна даў зразумець Еўразвяз, для гэтага спатрэбіцца дэмакратызацыя ў Беларусі, на што аўтарытарны кіраўнік, судзячы па ўсім, ісці не гатовы. Тым не менш, імкненне спадара Лукашэнкі абараніць самастойнасць і суверэнітэт краіны можа адкрыць шлях для рэформаў. Каб існаваць у цэнтры Еўропы незалежна ад Расеі, Беларусі непазбежна прыйдзецца пайсці на куды больш маштабныя перамены, чым простая згода расплачвацца за газ па рынкавых цэнах.