Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі датэрміновае галасаванне адмяняць не збіраюцца 16:38, 05/01/2007
Беларускае заканадаўства прадугледжвае працэдуру датэрміновага галасавання падчас правядзення выбарчых кампаній, паведаміў сёння журналістам сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік. “Чамусьці менавіта для Беларусі некаторыя міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці АБСЕ, рэкамендуюць скасаваць датэрміновае галасаванне, а для іншых дзяржаў, напрыклад ЗША, – пашырыць гэтую практыку”, – сказаў Мікалай Лазавік.
Ён паведаміў, што ў Злучаных Штатах Амерыкі існуе датэрміновае галасаванне на ўчастку і па пошце. У розных штатах для яго вызначаны розны час. Самы вялікі тэрмін для датэрміновага галасавання прадугледжаны ў штаце Мантана: выбаршчык можа галасаваць на ўчастку за 45 сутак да асноўнай даты выбараў, а па пошце – за 75 сутак. Разам з тым па выніках апошніх выбараў у ЗША АБСЕ рэкамендуе ім яшчэ больш пашырыць практыку датэрміновага галасавання.
Мікалай Лазавік нагадаў, што ў Рэспубліцы Беларусь датэрміновае галасаванне пачынаецца за 5 дзён да выбараў. “Аднак АБСЕ лічыць, што гэта шмат, і заклікае нас згарнуць дадзеную практыку. Такія падвойныя стандарты прасочваюцца вельмі часта. Таму да падобных рэкамендацый трэба падыходзіць вельмі крытычна, што мы і робім”, – заявіў Мікалай Лазавік.
Ён падкрэсліў, што трэба прыслухвацца толькі да тых рэкамендацый, якія сапраўды накіраваныя на дэмакратызацыю выбарчага працэсу, на стварэнне дадатковых умоў для грамадзянаў, якія спрыяюць рэалізацыі іх выбарчага права.
Нагадаем, што, па сведчанні назіральнікаў, менавіта падчас датэрміновага галасавання прасцей усяго падтасаваць вынікі выбараў, чым і карыстаюцца беларускія ўлады.