Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дзярждэпартамент ЗША: Пазіцыя Беларусі паказвае «гнілую сутнасць» рэжыму Лукашэнкі 09:28, 05/01/2007
Дзярждэпартамент ЗША пракаметаваў увядзенне Беларуссю нафтавых пошлін у дачыненні экспарту нафты з Расеі. У чацвер афіцыйны прадстаўнік дзярждэпа Шон Маккормак падчас штодзённага брыфінгу заявіў, што пазіцыя Беларусі паказвае “гнілую сутнасць” рэжыму Лукашэнкі. Маккормак нагадаў, што дагэтуль пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь здзяйсняліся без экспартных пошлін і што беларускія ўлады “бралі гэтую нафту без экспартнай пошліны, чысцілі яе і перапрадавалі з добрым прыбыткам за мяжу”.
Каментуючы заявы Беларусі аб намеры ўвесці імпартныя тарыфы на нафту з Расеі, прадстаўнік дзярждэпартамента паведаміў, што тым самым “беларускі ўрад спрабуе па-ранейшаму захаваць свой навар пры экспарце гэтай нафты”.
“Гэта яшчэ адзін прыклад гнілой сутнасці гэтага рэжыму, які выкарыстоўвае гэтыя рэсурсы для асабістага прыбытку тых, хто знаходзіцца вакол рэжыму Лукашэнкі”, – заявіў Маккормак, паведамляе РІА “Новости”.
Нагадаем, 3 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў аб магчымасці прыняцця Беларуссю адэкватных мераў у дачыненні Расеі ў сувязі з палітыкай па пастаўках энерганосьбітаў у Беларусь, якую праводзіць гэтая дзяржава. “Мы перад Расеяй чыстыя на сто адсоткаў. Мы зрабілі ўсё, чаго ад нас хацелі і сёння надыйшоў час запатрабаваць выканання імі сваіх абяцанняў”, – заявіў Лукашэнка, праводзячы нараду з сябрамі ўрада.
“Калі гэтага не будзе, мы будзем мець поўную свабоду дзеянняў. Я маю на ўвазе пастаноўку пытання аб транзіце расейскай нафты праз Беларусь, аб аплаце гэтага транзіту, аб аплаце за зямлю, якая выкарыстоўваецца пад газавыя і нафтавыя трубы, а таксама аб уласнасці Расеі тут”, – адзначыў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што ён “далёкі ад таго, каб нагнятаць сітуацыю”. “Але, калі яны, захлёбваючыся ад нафтадаляраў і ад іншых паступленняў валюты, вырашылі на Беларусі адыграцца і паставілі нас ва ўмовы працы нават горшыя, чым у Нямеччыне і іншых еўрапейскіх краінах, так давайце папросім такую багатую Расею заплаціць нам за паслугі, якія прадстаўляюцца ёй”, – сказаў прэзідэнт.
І напярэдадні Беларусь увяла ў дачыненні Расеі тарыфы на транзіт нафты трэцім краінам. Канцэрн “Белнафтахім” накіраваў у расейскую кампанію “Транснафта” афіцыйнае апавяшчэнне аб тым, што з 1 студзеня транспартоўка нафты праз беларускую тэрыторыю будзе абкладацца пошлінай. Яна складзе, па заявах беларускіх службоўцаў, 45 даляраў за тону нафты.
Па меркаванні Мінэканамразвіцця, гэтыя меры прынятыя беларускім бокам “без кансультацый з расейскім бокам” і “супярэчаць дзеючым паміж Расеяй і Беларуссю гандлёва-эканамічным пагадненням”. Рашэнне Беларусі аб увядзенні мытнай пошліны на нафту, якая транспартуецца па нафтаправодах рэспублікі, “не мае аналагаў у сусветнай практыцы”, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінэканамразвіцця РФ.
Праз тэрыторыю Беларусі ў ЕЗ ідзе да 20% расейскага газу, які накіроўваецца, у першую чаргу, у Польшчу, Нямеччыну і Літву.