|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Энергетычная вайна з Расеяй штурхае Беларусь у крызіс 11:23, 05/01/2007
Пасля таго як Беларусь была змушаная згадзіцца на падваенне цаны на газ і частковы продаж сваёй сістэмы трубаправодаў расейскаму канцэрну “Газпром”, на першы план выйшла пытанне аб нафце, гэта значыць аб самай важнай артэрыі, якае сілкуе яе эканоміку. У першым паўгоддзі 2006 года Менск за кошт перапрацоўкі і перапродажу таннай расейскай нафты атрымаў прыкладна 3,7 млрд даляраў. Зараз гэтая крыніца прыбытку пад пытаннем, бо Масква збіраецца адмовіцца ад датавання беларускай эканомікі і падняць пошліны. “Расея захлёбваецца нафтадалярамі і іншымі валютнымі паступленнямі”, – кажа Аляксандр Лукашэнка. Падпісаўшы газавую дамову, Расея абавязалася не патрабаваць ніякіх пошлін на экспарт нафты ў Беларусь, нагадвае ён. Аднак загад, якім з 1 студзеня пошліны былі ўведзеныя, дзейнічае. Запасаў нафты ў Беларусі, якая з пачатку года змушана перайшла на дарагі імпарт, хопіць, па дадзеных палітолага Валерыя Карбалевіча, яшчэ на два тыдні. “Сам завёў сябе ў тупік” “Лукашэнка сам завёў сябе ў тупік”, – кажа Карбалевіч. З часоў свайго прыходу да ўлады ў 1994 годзе прэзідэнт абвяшчае ўз’яднанне былых савецкіх рэспублік. У Крамлю дадзены намер спачатку сустрэцілі з радасцю – і да апошняга часу Лукашэнка атрымоўваў ад Расеі танныя нафту і газ. Аналітыкі лічаць, што на субсідаванне Лукашэнкі Расея штогод расходвае больш за 4 млрд даляраў. Аднак на справе сваімі завышанымі патрабаваннямі Лукашэнка блакаваў працэс аб’яднання. Так, у наднацыянальных органах ён жадаў атрымаць роўнае права голасу са сваім вялікім суседам. А нядаўна, у лістападзе, ён выклікаў гнеў Крамлю, паспрабаваўшы прыцягнуць на свой бок Украіну, якая адпала ад Масквы. Адначасова Лукашэнка паставіў беларускую эканоміку ў залежнасць ад расейскага экспарту. Ён выкарыстоўваў прыбыткі ад продажу нафты, каб падняць сярэднюю заработную плату да 200 еўра ў месяц і ўсталяваць больш высокія пенсіі, чым у іншых дзяржавах, былых рэспубліках Савецкага Саюза. Падкантрольныя яму сродкі масавай інфармацыі казалі пра “эканамічнае цуда”. Але рэальнасць выглядае па-іншаму. “40% прадпрыемстваў практычна неплацёжаздольныя”, – кажа эканаміст Леанід Слотнікаў. Ужо адзін газавы кампраміс, дасягнуты непасрэдна перад пачаткам новага года, які на 2007 год прадугледжвае падвышэнне цэнаў на газ з цяперашніх 46 да 100 даляраў за тысячу кубаметраў, з’яўляецца для Беларусі практычна непад’ёмным, сказаў прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. Эксперты мяркуюць, што рэальная пакупніцкая здольнасць у краіне знізіцца. Пры гэтым страты для дзяржавы яшчэ змякчэюць за кошт паступленняў ад змушанага продажу 50-адсоткавай долі “Белтрансгаза”, прадпрыемства, якое забяспечвае газавы транзіт. У Лукашэнкі застаюцца ўсяго толькі дзве магчымасці Беларусь не можа адмовіцца ад нафтавых прыбыткаў, не патрапіўшы пры гэтым у катастрафічнае становішча. Аб сур’ёзнасці сітуацыі сведчыць пазапраўнае рашэнне Лукашэнкі абкласці пошлінай расейскую нафту, якая ідзе транзітам у Заходнюю Еўропу. Гэтая мера можа абыйсціся расейскім нафтавым канцэрнам у 3,5 млрд даляраў штогод. У канчатковым выніку Лукашэнку застаюцца ўсяго дзве магчымасці: ён можа змяніць курс і павесці краіну да рынкавай эканомікі – напрыклад, праз прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў. Калі з гэтага нічога не выйдзе, яму прыйдзецца пайсці на саступкі Расеі і згадзіцца на аб’яднанне на ўмовах Масквы. “У Лукашэнкі вельмі слабыя пазіцыі, эканамічныя і палітычныя. У яго няма падтрымкі ў Еўропе, і ён цалкам і поўнасцю залежыць ад Расеі”, – кажа Крыстафер Уіфер, галоўны стратэг расейскага “Альфа-банка”. У тое, што Лукашэнка адкрые краіну Захаду і пачне працэс яе дэмакратызацыі, ніхто не верыць. “Бо тым самым ён можа страціць уладу, а гэта для Лукашэнкі неймаверна”, – кажа Карбалевіч. На Захадзе Лукашэнка лічыцца “апошнім дыктатарам Еўропы”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|