Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мілінкевіч не змог сустрэцца з выбаршчыкамі ў Мазыры 10:01, 08/01/2007
7 студзеня міліцыя Мазыра запатрабавала ад былога кандыдата ў дэпутаты, грамадскага актывіста Уладзіміра Целепуна распіску аб тым, што ён не прыйдзе да Палаца культуры нафтавікоў на раней запланаваную сустрэчу з выбаршчыкамі. Тут збіраўся выступаць у якасці даверанай асобы кандыдата і лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч. Грамадскі актывіст адмовіўся даць такую распіску.
Каля 15 гадзін У.Целепун прыехаў да Палаца культуры нафтавікоў і папрасіў прабачэння перад выбаршчыкамі за тое, што сустрэча ні з ім, ні з Мілінкевічам не адбудзецца. Чыннік у тым, што акруговая камісія Палескай выбарчай акругі № 43 тэрмінова адмяніла рэгістрацыю Целепуна кандыдатам у дэпутаты аблсавета, абвінаваціўшы яго “у выпуску і распаўсюджванні паведамленняў і матэрыялаў, якія распальваюць сацыяльную варожасць”.
Міліцыя і людзі ў цывільным папярэджвалі гараджан, што сустрэча забароненая, і патрабавалі разыйсціся. Пакінуць пляцоўку перад Палацам культуры ахоўнікі запатрабавалі і ад Уладзіміра Целепуна, папярэдзіўшы, што складуць пратакол аб несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Выбаршчыкі ў сваю чаргу падыходзілі да Аляксандра Мілінкевіча, каб прывітацца і паразмаўляць. Нягледзячы на дождж, на працягу гадзіны каля Палаца нафтавікоў пабывала каля 200 грамадзянаў, паведаміў БелаПАН.
“Людзі хочуць мець стасункі, людзі хочуць ведаць праўду аб тым, што робіцца ў краіне. Па тэлебачанні ж хлусяць! Яны хочуць нармалёвай сяброўскай гутаркі, і гэта ў іх адымаюць. Людзі ўсё больш разумеюць: калі ўлада не можа нават дыскутаваць, не можа прыйсці і даказаць сваю правасць, якая жа яна ўлада?”, – так Аляксандр Мілінкевіч пракаментаваў намаганні ўлад, накіраваныя на тое, каб перашкодзіць яго сустрэчам з выбаршчыкамі.