Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Менск і Масква працягваюць абвінавачваць адзін аднаго 15:15, 08/01/2007
Прапампоўка нафты па нафтаправодзе “Гомельтранснафта “Дружба” спыненая па віне расейскага боку, заявіў “Інтэрфаксу” генеральны дырэктар РУП “Гомельтранснафта “Дружба” Аляксей Касцючэнка. “Мы катэгарычна адмаўляемся ад паведамлення, якое раней з’явілася ў сродках масавай інфармацыі, аб тым, што па рашэнні беларускага боку спыненая прапампоўка нафты па накірунку “Унеча-Мазыр-Адамава” і “Унеча-Мазыр-Брады”, – сказаў А.Касцючэнка.
Паводле яго, расейскім бокам былі афіцыйна распачатыя 3 спыненні перапампоўкі нафты ў накірунку Польшчы, Нямеччыны і Украіны. “Пасля апошняга спынення прапампоўкі, з 7 раніцы 8 студзеня, намі неаднаразова накіроўваліся афіцыйныя звароты ў ААТ “Магістральныя нафтаправоды “Дружба” (г.Бранск) аб нашай гатовасці да перапампоўкі ва ўсіх накірунках”, – паведаміў гендырэктар “Гомельтранснафта “Дружба”.
Пры гэтым ён канстатаваў, што “расейскімі калегамі пакуль не прынята рашэнне па аднаўленні перапампоўкі нафты”. “Мы гатовыя пры згодзе расейскага боку ў тэрміновым парадку, у адпаведнасці з усталяванай тэхналогіяй і рэгламентам, аднавіць яе перапампоўку. Для гэтага, як мінімум, у першую чаргу, павінны быць уключаныя помпавыя агрэгаты на расейскай тэрыторыі”, – падкрэсліў А.Касцючэнка.
Тым часам, расейская нафтатранспартная кампанія Транснафта ў панядзелак абвінаваціла беларускія ўлады ў пазапраўным адборы нафты з нафтаправода. “Беларускі бок з 6 студзеня гэтага года ў аднабаковым парадку, нікога ні аб чым не папярэдзіўшы, пачаў пазапраўны адбор нафты з нафтаправода “Дружба”, якая прызначана выключна для транспартоўкі спажыўцам у Заходняй Еўропе”, – паведаміў у панядзелак кіраўнік Транснафты Сямён Вайншток.
Зараз Беларусь перашкаджае нармальнаму функцыянаванню трубаправода на яе тэрыторыі, тым самым перашкаджаючы забеспячэнню транзітных паставак, канстатаваў кіраўнік Транснафты.
Як паведамлялася, на 8 студзеня 2007 года па нафтапровадзе “Гомельтранснафта “Дружба” спынена прапампоўка нафты ў накірунку Польшчы, Нямеччыны і Украіны.
Урад Беларусі ў адказ на ўвядзенне ўрадам Расеі экспартнай пошліны на пастаўкі нафты ў рэспубліку ўвёў з 1 студзеня 2007 года мытную пошліну на нафту, якая транспартуецца па беларускіх нафтаправодах, у памеры $45 за 1 тону. Плацельшчыкам пошліны, паводле пастановы Савета міністраў Беларусі, з’яўляецца расейская АК “Транснафта”. Пошліна павінна быць выплачаная да перамяшчэння нафты, а ў выпадку невыканання або неналежнага выканання абавязальніцтваў па выплаце пошліны плацельшчык нясе адказнасць у адпаведнасці з падатковым заканадаўствам Беларусі, адзначана ў пастанове. Пакуль АК “Транснафта” пошліну не выплачвае, спасылаючыся на адсутнасць адпаведнага апавяшчэння і неабходнасць прыняцця такіх рашэнняў на двухбаковай аснове.
РУП “Гомельтранснафта “Дружба” (працягласць 1923 км, у тым ліку транзітны калідор 650 км) здзяйсняе транзіт больш за 30% расейскага экспарту нафты. Нафта па трубаправодзе транспартуецца ў накірунку Польшчы і Нямеччыны, а таксама Украіны. На яго таксама прыходзіцца больш за 70% транзіту нафты па тэрыторыі Беларусі.