Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускую дэлегацыю адмовіліся прыняць у МЭРГ Расеі 12:35, 09/01/2007
У Маскве не адбыліся беларуска-расейскія перамовы па нафце. “У Расеі яшчэ не гатовая перамоўная пазіцыя”, – паведаміў сёння БелТа намеснік міністра эканомікі Беларусі Уладзімір Найдунаў. Паводле яго, расейскі бок не назваў таксама час, калі гэтыя перамовы могуць пачацца зноў. Усё будзе залежыць ад дзеянняў расейскага боку. У цяперашні час дэлегацыя знаходзіцца ў Мінэканамразвіцця. Службы МЭРГ вядуць перамовы па тэлефоне, але дэлегацыю ўнутар не прапускаюць, паведаміў “Інтэрфакс”.
Намеснік міністра, кажучы аб пазіцыі беларускага бока, заявіў, што “мы лічым найбольш рэальным вяртанне да падзелу экспартнай пошліны на нафтапрадукты”.
“Гаворка будзе ісці аб адмене Расеяй мытных пошлін на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь. Наўзамен мы згодныя разглядзець пытанне, якое забяспечыць пералік пошлін ад нафтапрадуктаў у расейскі і беларускі бюджэты”, – сказаў ён.
Найдунаў таксама назваў безгрунтоўнымі абвінавачванні ў адрас Беларусі ў пазапраўнай канфіскацыі нафты. “Расейскі бок павінен быў забяспечыць мытнае дэклараванне транзіту нафты. Гэтага не адбылося”, – растлумачыў ён.
Каментуючы выказванні намесніка міністра эканамразвіцця Расеі Андрэя Шаронава пра тое, што Расея не будзе весці перамовы, пакуль Беларусь не адменіць пошліну на транзіт нафты, У.Найдунаў заявіў: “Гэта вельмі нерацыянальная пазіцыя”. “У праекце пагаднення, які прывёз беларускі бок, усе гэтыя пытанні прапісаныя”, – дадаў ён. Па словах У.Найдунава, зыходнай пазіцыяй беларускага боку з’яўляецца прапанова аб падзеле экспартных пошлін на нафтапрадукты 50:50.
У той жа час Масква патрабуе таго, што перамовы з Беларуссю магчымыя толькі пасля адмены Менскам мытнай пошліны на транзіт расейскай нафты.
Як перадае “Эхо Москвы”, намеснік кіраўніка Мінэканамразвіцця Андрэй Шаронаў заявіў, перамовы па ўрэгуляванні нафтавага канфлікту хутчэй за ўсё пачнуцца заўтра. Аднак яшчэ напярэдадні іх пачатку Расея будзе патрабаваць безумоўнай адмены пошлін за транзіт расейскай нафты.
Нагадаем, што сёння ў Маскву для правядзення перамоваў па нафце прыбыла таксама ўрадавая дэлегацыя Беларусі на чале з віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым.