|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Хартыя’97: Беларусы, як і чэхі, дачакаюцца перамен 12:05, 10/01/2007, «Радыё Свабода» Прынцып Хартыі`77 быў закладзены на тым, каб дабівацца ад камуністычнага рэжыму усяго таго, што ён дэкляраваў на словах. Так, у першым дакумэнце яго аўтары патрабавалі, каб тагачасная ўлада выконвала Канстытуцыю ЧССР, паважала правы чалавека, як да таго абавязалася паводле падпісанага Хэльсынскага пакту. Хартыю`77 падпісалі такія асобы як драматургі Вацлаў Гавэл і Павел Кагоут, філёзаф Іржы Немец, пісьменьнікі Іван Кліма, Людвік Вацулік, актор Павел Ландоўскі, прафэсар Ян Паточка, журналіст Пётр Угл і іншыя – усяго каля дзьвюх з паловай сотняў чалавек. Рэжым адказаў цьвёрдымі контрмерамі, у тым ліку прымушаючы іншых вядомых творцаў падпісаць Антыхартыю. У тым жа студзені Вацлаў Гавэл быў зьняволены. Аднак прыпыніць працэс грамадзянскага абуджэньня да свабоды не ўдалося. Да перамогі аксамітнай рэвалюцыі ў краіне заставалася 12 гадоў. Калі Хартыя’77 узьнікла ў Чэхаславаччыне на хвалі ў абарону чэскіх рок-музыкаў, то ініцыятарамі грамадзянскай ініцыятывы Хартыя’97 у Беларусі выступілі журналісты. Нагадаем, 1997 год вядомы арыштам журналістаў ОРТ, закрыцьцём газэты "Свабода", ціскам на незалежную прэсу. Згадвае каардынатар Хартыі`97 Зьміцер Бандарэнка: “У Беларусі на момант абвяшчэньня Хартыі 97 былі ўжо дастаткова разгалінаваныя структуры розных палітычных партый, якія бралі ўдзел у выбарах. А ў Хартыі’77 гэтага тады не было. Але агульнае, што аб’ядноўвала — гэта змаганьне за свабоду, змаганьне за незалежнасьць сваіх краінаў. Падабенства ёсьць. Калі сустракаесься з вэтэранамі Хартыі`77, шмат агульнага, яны разумеюць нашу сытуацыю вельмі добра”. Хартыю`97 спачатку падпісалі сто вядомых асобаў у Беларусі, а ўсяго пад ёй падпісалася больш за сто тысяч грамадзян. Інфармацыя пра стварэньне Хартыі`97 друкавалася ў беларускіх мэдыях. А ці ёсьць сэнс працягваць гэты збор подпісаў? “Сёньня ён ня мае сэнсу. Адной з галоўных мэтаў тады было аб’яднаньне дэмакратычных сілаў. Было яшчэ такое жаданьне, каб новыя асобы зьявіліся. На першай прэсавай канфэрэнцыі, дзе было абвешчана пра ініцыятыву Хартыя`97 прысутнічалі Аляксандар Мілінкевіч, Віктар Карняенка, Аляксандар Дабравольскі, Людміла Гразнова, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Халезін. У аргкамітэт Хартыі`97 у розныя часы ўваходзілі Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Уладзімір Мацкевіч... Вялікую ролю ў ініцыятыве Хартыя`97 адыграў вядомы выдавец Пётр Марцаў. Многа людзей было. Але калі была створана каардынацыйная рада дэмакратычных сіл у 1998 годзе мы ў значнай ступені лічылі, што мэта дасягнута, тады гэта аб’яднаньне адбылося. Гэта і было тое рэальнае пагадненьне ў тых умовах, у тыя часы”, -- кажа Бандарэнка. Хартыя’97, як і Хартыя`77, фактычна мела антыхартыю. Яе ініцыяваў тагачасны лідэр камуністаў Віктар Чыкін. Спадар Чыкін прапанаваў Хартыю’98. Паводле спадара Бандарэнкі, гэта быў прапагандысцкі крок і скончылася гэтая ініцыятыва вельмі хутка. “І сёньня нават калі беларускія тэлеканалы паказваюць сайт Хартыі’97, то пра Хартыю’98 як контрварыянт ніхто не ўзгадвае, не памятае”, -- кажа праваабаронца . Які галоўны досьвед скарыстала Хартыя`97 з чэскага вопыту? “Галоўнае, гэта ўвага да кожнай асобы, якая змагаецца. І сёньня тое, што сем’і рэпрэсаваных атрымоўваюць дапамогу, што інфармацыя пра палітвязьняў імгненна разыходзіцца па сьвеце, інфармацыя пра тое, што Лукашэнка дыктатар , што рэпрэсаваныя беларускія студэнты маюць магчымасьць вучыцца за мяжой – гэта ёсьць галоўны здабытак. У гісторыі беларускага супраціву такія словы як Хартыя`97 застануцца”, -- упэўнены Зміцер Бандарэнка. Чэская Хартыя`77 фактычна дасягнула ўсталяваньня дэмакратыі ў краіне праз 12 год, калі адбылася аксамітная рэвалюцыя. Якія пэрспэктывы бачыць беларуская Хартыя`97 адносна Беларусі? “У іх было праз 12 год, а ў нас прайшло толькі 10. Таму яшчэ два гады ёсьць, каб дасягнуць мэтаў. Хаця, безумоўна, мы марылі, што зьмены ў Беларусі адбудуцца значна хутчэй. Сумневу, што Беларусь будзе дэмакратычнай, што Беларусь стане сябрам Эўразьвязу няма”, -- заяўляе Зміцер Бандарэнка.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|